МІНСК, 8 жні — Sputnik. Невядомы застрэліў 20-гадовага мужчыну ў адным з паркаў амерыканскага горада Сан-Францыска (штат Каліфорнія), пакуль той гуляў у папулярную гульню для смартфонаў Pokemon GO, паведамілі амерыканскія СМІ.
Ахвярай нападу стаў Кельвін Райлі. Позна ўвечары ў суботу ён з групай іншых гульцоў лавіў пакемонаў у парку Aquatic. Калі Райлі трохі адышоў ад агульнай групы, невядомы стрэліў яму ў спіну. Юнаку была аказана першая медыцынская дапамога, але атрыманае раненне аказалася смяротным.
"Наколькі нам вядома, ніякай канфрантацыі не было. Ніхто нічога не казаў. Гэта адбылося проста так, ён (зламыснік — рэд.) проста падышоў, стрэліў яму ў спіну і ўцёк", — паведаміў блізкі сябар сям'і загінулага Джон Кірбі.
Па словах Кірбі, Райлі і адзін з гульцоў, які знаходзіўся з ім у той момант, незадоўга да трагедыі бачылі падазронага чалавека, які назіраў за імі з ўзвышша, адкуль адкрываецца від на парк. Аднак было цёмна, і юнакі, якія пераважна глядзелі на экраны сваіх смартфонаў, не сталі надаваць гэтаму значэння.