Уладзімір Несцяровіч, спецыяльна для Sputnik.
Прызнаюся, я планаваў пасля заканчэння баскетбольнага матчу Беларусь — Францыя тут жа напісаць у сацыяльныя сеткі, маўляў, пакуль вы там у далёкім ад Рыа Мінску спіцё, нашы дзяўчаты выйгралі, давёўшы, што іх рана спісалі з рахунку пасля непераканаўчай гульні з Японіяй.
Ды дзе там — спіце спакойна, дарагія суайчыннікі, ніхто і нішто не патрывожыць вас. Падапечныя Анатоля Буяльскага прайгралі.
Яны стараліся, яны вельмі стараліся, асабліва на пачатку матчу, калі ў іх атрымлівалася літаральна ўсё: трохачковых кідкі, зладжаная гульня ў абароне, падборы, хуткія контратакі. Францужанкі такой упартасці і зараджанасці на перамогу ад беларусак відавочна не чакалі. Але потым усё ж прыйшлі ў сябе і пачалі спачатку агрызацца, а потым і зусім душыць.
Самай драматычнай выдалася канцоўка сустрэчы. Беларускі сталі часцей памыляцца, у францужанак жа наадварот усё наладзілася.
За 16 секунд да сірэны Алівія Эпаупа кінула дакладна — Францыя выйшла наперад — 71:70. Часу, які застаўся, хапіла на тое, каб правесці атаку, у якой суперніцы сфолілі на нашай амерыканцы Ліндсей Хардзінг. Яна сапраўды рэалізавала два штрафныя кідкі.
І вось тут здарылася страшнае: Эндзі Мійем усё ж такі злаўчылася кінуць дакладна ў кошык адначасова з фінальнай сірэнай. Пасля прагляду відэапаўтору рэферы вынес вердыкт — выніковы кідок быў зроблены за 0,2 секунды да заканчэння сустрэчы. Паўтару: за 0,2 секунды!
Францужанкі скакалі ад шчасця, нашы хапаліся за галовы і плакалі.
…Каманда сышла галасіць ў распранальню, гледачы пакінулі арэну, а на лаўцы запасных засталіся сядзець настаўнік беларускай зборнай Анатоль Буяльскі і шматвопытная цэнтравая Алена Леўчанка.
І ім, і нам было сумна і горка.