Левым плячом да Палярнай зоркі: як не правароніць метэарытны дождж

Падпісацца
Самы інтэнсіўны паток падаючых метэораў будзе назірацца на працягу двух начэй з 11 на 12 і з 12 на 13 жніўня.

Канстанцін Марозаў, Sputnik.

Раптоўна надышоў жнівень, і зноў у стужках і СМІ з'явіліся паведамленні пра "нябачаныя" метэорныя дажджы.

Мяне як "лаўца метэораў" глыбока кранае блытаніна ў інфармацыйных паведамленнях, якія тычацца метэораў. Асабліва калі ў СМІ іх часам блытаюць з метэарытамi.

Трохі тэорыі: метэор — гэта пылінка, у асноўным шмат менш грама, якая цалкам згарае ў атмасферы на вышыні 80-100 кіламетраў. Візуальна гэта выглядае, як быццам у небе вельмі коратка праляцеў вугольчык. Часцей за ўсё такі палёт доўжыцца менш секунды.

Каб неяк раздзяліць метэоры па групах, навукоўцы прывязалі знічкі да радыянтаў — умоўнай кропкі, у якой сыходзяцца пачатковыя шляхi метэораў з аднаго патоку. Акрамя каардынатаў, прыналежнасць да групы вызначаюць з аглядкай яшчэ на некалькі крытэраў — хуткасць, колер, нарэшце, дата дзеяння патоку. Паток Персеіды, да прыкладу, сыплецца з неба з 10 ліпеня па 26 жніўня.

© PexelsЗорнае неба: Палярная зорка ў беларусаў завецца Зорны Кол, або Гвозд
Звездное небо - Sputnik Беларусь
Зорнае неба: Палярная зорка ў беларусаў завецца Зорны Кол, або Гвозд

Куды глядзець?

Глядзець трэба, зразумелая справа, на неба. Галоўнае мець шырокі агляд і мінімум засвятлення ў выглядзе гарадскіх ліхтароў, асветленых вокнаў шматпавярховак і гэтак далей. Справа ў тым, што метэоры ўспыхваюць непрадказальна, часам проста над галавой, часам — нізка ля гарызонта.

Зрэшты, у горадзе таксама можна сёе-тое ўбачыць: яркія метэоры будуць прыкметнымі, але іх значна менш, чым слабых. У Мінску, я асабіста правяраў, у максімуме актыўнасці метэорнага патоку можна ўбачыць з дзясятак яркіх метэораў за гадзіну. Гэта калі глядзець на неба безадрыўна!

У горадзе, дзе агляд абмежаваны, важна правільна выбраць вугал назірання. Таму калі з горада паехаць нам нельга, а паглядзець усё роўна хочацца, рабіце так: знайдзіце Палярную зорку і станьце да яе левым плячом. Шмат хто, напэўна, спытае — а дзе яна?

Прапаную іншы варыянт: вазьміце компас (або мапу) і павярніцеся на ўсход. Таму што сузор'е Персея, адкуль ляцяць Персеіды, узыходзіць на ўсходзе і да раніцы на небе падымаецца вышэй на поўдзень.

Таму, калi стаць увечары на ўсход, большая частка метэораў будзе добра бачная. Хоць усё ж лепш не стаць, а сесці, а лепш — легчы.

Як глядзець?

Углядацца ў неба, магчыма, давядзецца доўга, а стаяць з задранай галавой няёмка, ды і шыя зацячэ. Таму рыхтуйце шэзлонг, тапчан, шукайце прыдатную лаўку і кладзіцеся. Увогуле, калі застаяцеся ў горадзе, шукайце месца пацямней і рыхтуйцеся глядзець на неба хаця б паўгадзіны.

Чаму так? Справа ў тым, што метэоры лётаюць "пачкамі" — то няма хвілін 5-10, то адразу 2, 3, 4, 5 — веерам. Калі быць не ўважлівым, можна не ўбачыць ні аднаго.

© Flickr / Phillip CheeЗорнае неба: падае знічка - загадвайце жаданне!
Звездное небо. - Sputnik Беларусь
Зорнае неба: падае знічка - загадвайце жаданне!

Тым, хто ўсё ж такі паедзе за горад ці там ужо знаходзіцца, раю шукаць месца, дзе было б цямней, і з добрым аглядам — ​​яркія метэоры часта ўспыхваюць бліжэй да далягляду. Дарэчы, адчувальнасць вачэй у цемры расце паступова, таму лепш не злоўжываць мабільнымі і ліхтарыкамі ў чаканні відовішча — зрэнка сціскаецца і вы проста не ўбачыце слабыя па яркасці метэоры, якіх, дарэчы, нашмат больш, чым яркіх.

І пра лічбы

У нашых умовах, у сярэдняй паласе, пры цёмным небе можна разлічваць убачыць 20-50 метэораў за гадзіну. Больш наўрад ці. Хоць элемент латарэі ў метэорных патокаў усё ж ёсць. Гаворка аб так званых выкідах — гэта пыл, які камета-прамаці метэорнага патоку выкінула, пралятаючы вакол Сонца.

Дык вось, сёлета нас чакаюць два такіх "выкіды", таму, магчыма, мы пабачым крыху больш метэораў у ноч з 11 на 12 жніўня прыкладна з гадзіны да трох ночы. Самы ж шчыльны ўчастак патоку Персеід перасячэ зямную арбіту прыкладна з 15 да 18 гадзін вечара 12 жніўня — гэта значыць, нам іх не ўбачыць. Але ў ноч з 12 на 13 жніўня Зямля ўсё яшчэ будзе перасякаць арбіту метэорнага патоку, і таму "падаючых зорак" усё яшчэ будзе шмат.

Плед і гарбата

Ну і напрыканцы аб экіпіроўцы. Ляжаць-сядзець-глядзець нават летам даволі зябка. Да таго ж, у жніўні пад раніцу тэмпература ўжо падае да 6-13 градусаў. Таму апранайцеся цёпла, бярыце пледы, коўдры, чай і бутэрброды. І ўдачы ў лоўлі "падаючых зорак".

Кажуць, загаданыя жаданні выконваюцца, а тут за ноч можна назагадваць наперад надоўга.

Стужка навiн
0