Білборды з рознымі гістарычнымі і культурнымі дзеячамі ўсталёўваюць у беларускіх гарадах у межах абвешчанага Года культуры. Новая рэклама з выявай помніка першадрукара Францыска Скарыны ўтрымлівае адразу чатыры памылкі.
На ім пераблыталі стагоддзе дзейнасці першадрукара — XV замест XVI. Акрамя таго, ёсць у тэксце граматычныя і пунктуацыйныя памылкі.
На білбордзе напісана "Помнік Францыску Скарыне, асветніку і грамадскому дзеячу XV стагоддзя ў Мінску", а правільная версія выглядала б так: "Помнік Францыску Скарыну, асветніку і грамадскаму дзеячу XVI стагоддзя, у Мінску".
Каля паловы апытаных выявілі граматычныя памылкі. Яшчэ некалькі ўзгадалі, што Скарына надрукаваў першую Біблію ў Празе ў дзесятых гадах XVI стагоддзя.
Невялікая дыскусія разгарэлася ў сацсетках з нагоды скланення прозвішчы Скарына. Згодна з правіламі беларускай мовы назоўнікi мужчынскага роду, якія заканчваюцца на —а і —я, а таксама прозвішчы на —а і —я у давальным склоне маюць канчатак —у, таму "помнiк Скарыну". Канчатак —е быў бы дарэчы, калі б гаворка ішла пра жанчыну з прозвішчам Скарына.
Мінакі таксама паразважалі пра тое, якой культуры бракуе сучасным беларусам.