Удзельнікі Міжнароднага турніру па прафесійным кікбоксінгу, які пройдзе ў сталіцы Чачні Грозным 23 жніўня, будуць выходзіць на бой у форме ад беларускага дызайнера Івана Айплатава.
Юбілейны турнір прысвечаны памяці першага прэзідэнта Чачні Ахмата-Хаджы Кадырава, якому сёлета споўнілася б 65 гадоў. У галоўным паядынку вечара сустракаюцца легенда сусветнага кікбоксінга, баец спартыўнага клуба "Ахмат" Забіт Самедаў і баец з Румыніі Каталін Марашану.
У эксклюзіўным інтэрв'ю радыё Sputnik Беларусь Айплатаў распавёў, што новая спартыўная форма амаль гатовая і з дня на дзень адправіцца ў Чачэнію. Яна адшытая абмежаваным накладам — толькі для байцоў клуба "Ахмат", а таксама два камплекты для прэзідэнта Чачні Рамзана Кадырава і яго сям'і.
"Магчыма, з часам гэтую форму можна будзе набыць у вольным продажы. Форма вельмі прыгожая", — падкрэсліў дызайнер, дадаўшы, што афіцыйнай прэзентацыі новай спартыўнай формы не будзе, яе можна будзе ўбачыць толькі на турніры або ў Instagram Кадырава.
Паводле слоў Айплатава, з Кадыравым асабіста ён не сустракаўся, усе перамовы вяліся з кіраўніком клуба "Ахмат" Забітам Самедавым, які кантралюе падрыхтоўку да турніру.
"Рамзан Кадыраў — адыёзная фігура; вядома, мне было б цікава з ім сустрэцца. Вынікам такой сустрэчы мог бы стаць новы спартыўны прадукт", — кажа Айплатаў.
Поўную версію размовы радыё Sputnik Беларусь з Іванам Айплатавым слухайце ў аўдыёзапісу.