У Беларусі, як і ў Расіі, не выключаюць праблем з захоўваннем бульбы

© Sputnik / Александр Кряжев / Перайсці ў медыябанкУраджай бульбы
Ураджай бульбы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У Расіі дапускаюць, што да новага года кошты на бульбу могуць вырасці; прычына ў нізкай якасці бульбы, якая выспявала сёлета ў неспрыяльных умовах.

МІНСК, 10 жні — Sputnik. Гарантаваць, што беларускую бульбу ўдасца захаваць у поўным аб'ёме, беларускія спецыялісты не рызыкуюць. Анамальнае надвор'е істотна ўскладняе задачу атрымаць якасны і, галоўнае, здаровы ўраджай.

Расійскія спецыялісты нават прагназуюць рост коштаў на бульбу да канца года. Паводле прагнозу Цэнтральнага банка Расіі, суседняя краіна збярэ сёлета бульбы больш, чым звычайна, але праз дажджы яе якасць можа пацярпець. Гэта і можа справакаваць рост коштаў на бульбу.

"Сказаць, што ў нас усё адназначна будзе добра, я не магу. Гэта будзе і няправільна. Гэта залежыць ад таго, як правялі абарону ад фітафтарозу. Калі яна зроблена якасна і своечасова, то праблем з захоўваннем, па ідэі, быць не павінна", — заявіў у інтэрв'ю Sputnik загадчык лабараторыі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па бульбаводству і агародніцтву Іван Бусько.

Складаныя ўмовы надвор'я, якія назіраюцца гэтым летам, могуць прывесці і дзе-нідзе прыводзяць да развіцця грыбковых хвароб — фітафтарозу і альтернарыозу.

"Вы ж бачыце, якія ў нас умовы надвор'я: то суха, то вільготна. А там, дзе не змаглі абараніць своечасова бульбу і фітафтароз застаўся на лісці, вядома, споры фітафторы маглі змыцца ў глебу і паразіць новыя клубні. І, натуральна, тады захоўванне будзе праблематычным", — адзначыў Бусько

Аднак, паводле яго слоў, нават пры такіх умовах надвор'я граматна абраная тактыка аховы раслін можа забяспечыць ураджай, які добра будзе захоўвацца.

У Беларусі сёлета чакаюць агульны ўраджай каля 6 мільёнаў тон бульбы. Гэта і тое, што выгадуюць у сельгасарганізацыях, і ў фермерскіх гаспадарках, і на прыватных падворках, распавялі Sputnik у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.

Ільвіная доля беларускага ўраджаю сыдзе на фарміраванне стабілізацыйных фондаў, забеспячэнне харчаваннем у дзіцячых садках, школах і лякарнях, частка будзе перапрацаваная.

"Атрымліваецца, што вольных рэсурсаў чакаем каля 300 тысяч тон, прызначаных для продажу. Хоць, як правіла, іх бывае і больш", — падкрэслілі ў Мінсельгасхарчы.

Раней віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Міхаіл Русы ўжо каментаваў здагадкі аб сёлетнім неўраджаі бульбы.

"Нядрэнны ўраджай бульбы. Таму, калі некаму замала бульбы, мы гатовыя даставіць да хаты ў пяцікратным памеры", — заявіў тады Русы.

Стужка навiн
0