МІНСК, 10 жні — Sputnik. Няўстойлівае надвор'е чакаецца ў Беларусі ў сераду 10 жніўня: месцамі пройдуць дажджы, а паветра ў паўднёва-ўсходніх раёнах прагрэецца да +28°C, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Раней сіноптыкі прагназавалі, што большую частку тыдня надвор'е ў краіне будзе вызначаць атмасферны фронт, які будзе павольна перамяшчацца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход Беларусі.
"Па Гродзенскай, паўночна-заходняй палове Брэсцкай, Мінскай і Віцебскай абласцей кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Вецер паўднёвы, з пераходам на паўночны ўмераны, пры навальніцах парывісты", — сказалі ў Гідраметцэнтры.
Сіноптыкі таксама паведамілі, што максімальная тэмпература паветра днём складзе ад +16°C па паўночным захадзе Беларусі да +28°C па паўднёвым усходзе краіны.
У сталіцы днём паветра прагрэецца да +24… 26°C, днём будзе без істотных ападкаў, толькі вечарам магчымы кароткачасовы дождж з навальніцай.