МІНСК, 10 жні — Sputnik. Свабоднымі пасля дадатковага набору ў ВНУ засталіся ўсяго 18 месцаў, паведаміў у аўторак на прэс-канферэнцыі ў МПЦ Sputnik першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.
"Па выніках асноўнага набору засталося 112 месцаў на дзённай і вячэрняй і 32 месцы — на завочнай форме навучання. Завочныя месцы былі зачыненыя ў дадатковы набор, а на бюджэтнай форме засталіся вольнымі 18 месцаў", — сказаў Богуш. Між тым, летась вакантнымі па выніках дадатковага набора заставаліся больш за 100 бюджэтных месцаў.
Паводле ацэнкі намесніка міністра, гэта даволі высокі вынік з улікам агульнага аб'ёму набору ў ВНУ.
Богуш таксама паведаміў, што па выніках сёлетняй уступнай кампаніі на бюджэтныя месцы ў дзяржаўныя ВНУ былі залічаны каля 27 тысяч чалавек. Але гэтая лічба яшчэ будзе скарэкціравана, таму што ў сельскагаспадарчых ВНУ будзе яшчэ праводзіцца прыём на завочнае аддзяленне.
У цэлым намеснік міністра ацаніў цяперашнюю кампанію станоўча і адзначыў высокі ўзровень і мэтанакіраванасць цяперашніх абітурыентаў.
"Сёлета было выдадзена 330 стобальных сертыфікатаў. Прычым 15 чалавек атрымалі сто балаў па двух вучэбных прадметах, і тры абітурыента — па трох", — заўважыў Богуш.
Самыя высокія прахадныя балы па традыцыі былі на спецыяльнасцях "Міжнародныя адносіны" ў БДУ, IT-спецыяльнасці ў БДУІР і шэрагу медыцынскіх спецыяльнасцяў.