МІНСК, 12 жні — Sputnik. Кандыдатамі ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу зарэгістраваны 521 чалавек, гаворыцца на спецыяльным рэсурсе Цэнтрвыбаркама, прысвечаным бягучай выбарчай кампаніі.
"Зарэгістраваны 521 кандыдат у дэпутаты, 93 прэтэндэнтам адмоўлена, 16 чалавек самі адмовіліся ад удзелу ў выбарах", — цытуе партал словы кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
Раней у інтэрв'ю Sputnik Ярмошына ахарактарызавала дадзеную кампанію як "не крыважэрную і ліберальную". І адзначыла, што колькасць адмоваў у рэгістрацыі патэнцыйным кандыдатам адчувальна меншая, чым назіралася чатыры гады таму.
Шэраг акруговых камісій ужо пачаў публікаваць спісы кандыдатаў. Так, паводле дадзеных, размешчаных на сайце Віцебскага аблвыканкама, на 14 месцаў у парламенце прэтэндуюць 66 кандыдатаў, у тым ліку некалькі дзеючых парламентарыяў.
Працягнуць працу ў парламенце разлічваюць атлет Вадзім Дзевятоўскі і старшыня дзеючай Палаты Прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. У Полацкай сельскай акрузе за мандат дэпутата будзе змагацца намеснік старшыні ліберальна-дэмакратычнай партыі, артыст Яўген Крыжаноўскі.
Невялікі выбар будзе ў выбаршчыкаў адразу трох акругаў Мінскай вобласці, у Салігорскім, Заслаўскім і Сеніцкім акругах зарэгістраваныя толькі па два кандыдаты. Прычым у Салігорску канкураваць будуць намеснік генеральнага дырэктара "Беларуськалія" Андрэй Рыбак і слесар гэтага ж прадпрыемства Аляксандр Малочка.
Цікавая канфігурацыя кандыдатаў складваецца і ў Бярэзінскай акрузе, дзе намеснік начальніка УКДБ па Мінску і Мінскай вобласці Пётр Атрошчанка будзе змагацца за дэпутацкае месца ў тым ліку і з двума партыйцамі, прадстаўніком левай партыі "Справядлівы свет" грузчыкам аэрапорта Мінск Аляксандрам Суконка і членам БСДП(Г) санітаркай Надзеяй Шомчэнка.
Вядома, што кандыдатамі зарэгістраваныя член АГП рэжысёр Юры Хашчавацкі і спявачка Ірына Дарафеева. Прычым Дарафеева змагла вельмі здзівіць сяброў акруговай камісіі, калі прынесла такую вялікую колькасць подпісаў — 4 846 пры неабходных у тысячу, а таксама нізкай колькасцю забракаваных подпісаў. Несапраўднымі прызналі толькі 12 з 1 206 правераных.