Сэрцаедка-прысушка: "нявеста" са Століна падманула шэсць жаніхоў

Падпісацца
За чатыры гады дзяўчына змагла выцаганіць у мужчын на розныя патрэбы больш за 12 тысяч долараў.

МІНСК, 12 жні — Sputnik. Столінскі раённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 27-гадовай дзяўчыны, якая абвінавачваецца ў асабліва буйным махлярстве.

Дзяўчына "варочала" ад снежня 2011 года па снежань 2015 года. За гэты тэрмін ад сваіх "жаніхоў" яна змагла атрымаць больш за 12 тысяч долараў ЗША. Кожнаму з іх яна абяцала ўзяць шлюб.

"Падчас стасункаў праз інтэрнэт і тэлефон яна паведамляла ілжывыя звесткі пра сябе: "нявеста" выдавала сябе за іншую асобу, прысвоіўшы фатаграфію незнаёмай ёй дзяўчыны прывабнай знешнасці. Таксама яна замоўчвала тое, што замужам і мае траіх малалетніх дзяцей", — паведаміла Sputnik афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова.

Падазраваная пераконвала мужчын перадаваць ёй грошы і іншую маёмасць для "пераадолення жыццёвых цяжкасцяў". Пры гэтым яна асабіста не бачылася ні з адным з пацярпелых. З адным жанчына прызначала сустрэчу восем разоў на аўтавакзале ў Лідзе, але так і не з'явілася.

Вылічыць сэрцаедку дапамаглі яе гора-жаніхі: адзін з іх узяў раздрукоўку тэлефонных званкоў з сім-карты, якую ён падарыў жанчыне. Тады ён патэлефанаваў самаму частаму абаненту і даведаўся, што той адначасова таксама "дапамагаў" ёй, а абодвум яна называлася рознымі імёнамі. Мужчыны разам паехалі ў Столін і напісалі заяву ў міліцыю.

Следчыя вывучылі грашовыя пералічэнні ад пацярпелых, у тым ліку на банкаўскую карту, якая знаходзілася ў карыстанні абвінавачанай і якая належыць яе мужу. Прааналізавалі таксама ўсе тэлефонныя злучэнні, смс-паведамленні і інтэрнэт-перапіскі падследнай. Дадаткова былі ўсталяваныя яшчэ чацвёра пацярпелых. Крымінальная справа ўжо накіравана ў суд.

Стужка навiн
0