Дзмітрый Босак, Sputnik.
Зборная Львоўскай мытні прыехала на турнір у складзе сямі чалавек. За тры тыдні ледзь сабраліся, тлумачыць трэнер зборнай дзяржаўны інспектар паштовага аддзела Сяргей Федарчук. Сёлета звыклыя даты спаборніцтваў ссунулі з верасня на жнівень і прымеркавалі іх да 25-годдзя мытнай службы Беларусі.
Калі каманда гатовая — гэта відаць
Двойчы Сяргей прыязджаў на турнір у Брэст як гулец. У складзе той жа львоўскай зборнай і зборнай мытных службаў Украіны. Гуляць далей перашкодзілі траўмы спартсмена. Сёлета Федарчуку прапанавалі дапамагчы камандзе ў новай якасці.
"Зборная фармавалася па выніках унутранага турніру. Туды з усіх аддзелаў Львоўскай мытні прыйшлі хлопцы. Там мы ўсе пазнаёміліся і зразумелі, што можна рабіць каманду. Падумалі, што добра б нам падтрымліваць форму, хоць бы на аматарскі чэмпіянат заявіцца і хадзіць раз на тыдзень трэніравацца. У каго як атрымліваецца. Калі на мяжы працуем пазменна, то ў выхадныя могжа прыйсці на трэніроўкі. Я працую з васьмі да пяці, таму часцей бываю ў зале. Калі на мытні з'яўляецца хтосьці з футбольных людзей, мы стараемся іх прыцягваць", — распавёў дзяржаўны інспектар.
Калектыў складаецца з непрафесійных гульцоў. Футбалісты выйгравалі першынство Львова, занялі другое месца сярод мытных каманд Украіны. Раней у львоўскай зборнай быў сын адзінага ўкраінскага трэнера, які вывеў футбольны клуб Украіны ў фінал Еўракубка, Мірона Маркэвіча — Астап. У той час ён таксама працаваў у мытні. Трэніраваў каманду і гуляў разам з усімі аматарамі. Цяпер Астап Маркевіч, як распавёў Сяргей, праходзіць стажыроўку ў топавых прадстаўнікоў іспанскага трэнерскага цэха: Дэль Боске, Зідана, Вальвердэ, Эмеры.
"Я першы раз сутыкнуўся з трэнерствам, таму што раней я гуляў. Вельмі складана сабраць людзей-непрафесіяналаў. Прафесіяналы самі ідуць, стараюцца, разумеюць, што трэба. А тут могуць быць людзі, якіх трэба і прымусіць. Ясна, што трох тыдняў было мала. гэтага хапіла, каб фізіку падцягнуць. Відаць адразу, калі каманда гатовая. А ў нас ножкі яшчэ не слухаюцца", — прызнаўся суразмоўца Sputnik.
Мытнік на поле — ваяр
Калі зборная гатова, кажа спартсмен, ад гульні атрымлівае задавальненне. А калі прайграе з лікам 5:0, як у матчы з Расіяй, станоўчых эмоцый мала. Усе засмучаныя, але гонар краіны і Львоўскай мытні адстаяць трэба. Перад кожнай гульнёй львавяне абавязкова спяваюць гімн. Гэта падымае дух.
"Для нас гульня супраць расіянаў была прынцыповая. Калі выходзілі на поле, вочы гарэлі, усе стараліся. Было відаць, што нас не хапала. Калі паміж суседзямі праходзяць дэрбі, гэта заўжды прынцыповыя матчы, ніхто не хоча саступаць. Усе стараюцца паказаць барацьбу. Я не кажу, што камусьці трэба ногі ламаць. Я хлопцам сказаў: кожен є фуболіст. Мы мусім паважаць адзін аднаго ў першую чаргу як футбалісты", — растлумачыў трэнер львоўскіх мытнікаў.
Прынцыповасць таксама заключалася ў тым, што Расія пастаянна займае прызавыя месцы. Супраць моцнай каманды заўжды хочацца згуляць як мага лепш. З тым жа энтузіязмам украінцы будуць змагацца з беларусамі.
Служба дапамагае ў гульні
Паводле словаў Сяргея, праца ў мытных органах дапамагае ў міні-футболе. Адчуваецца арганізаванасць і адказнасць сярод хлопцаў.
"Ты ведаеш, што табе трэба рабіць, калі прыйшоў на поле. З поўнай адказнасцю, як на працы адпрацаваў, так і на полі адыграў. Да таго ж, калі ёсць парадак, лягчэй сыграцца", — распавёў Федарчук.
Розныя званні не перашкаджаюць спартовым стасункам. На полі ўсе роўныя.
"Я просты інспектар, ёсць сярод нас старшы інспектар. Начальнік нашай мытні быў у нас брамнікам. Намеснік начальніка мытні таксама прыходзіць, бегае з намі. То бок, у нас такая футбольная мытня. Кіраўніцтва падтрымлівае энтузіязм", — падзяліўся Сяргей.
Пасля турніру ў Брэсце мытнікі плануюць падрыхтаваць каманду да зімовага чэмпіянату ў Львове. Форму трэба трымаць.