МІНСК, 18 жні — Sputnik. Рэалізацыю праектаў, звязаных з нацыянальнай самасвядомасцю, Velcom называе адным з галоўных напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці.
"Мы з радасцю падтрымалі праект "Краязнаўчая казка", бо гэта магчымасць дакрануцца да народнай мудрасці і роднага слова дзякуючы сучасным тэхналогіям і з дапамогай вядомых беларускіх музыкаў, акцёраў і тэлевядучых, — каментуе кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Вячаслаў Смірноў. — Мы ўпэўненыя, што гэты праект будзе цікавы шырокаму колу чытачоў і слухачоў, асабліва ў тых гарадах, якім прысвечаны гісторыі".
"Мне было вельмі цікава браць удзел у праекце "Краязнаўчая казка", — адзначыў Іван Кірчук. — Беларускі фальклор — гэта маё жыццё, я займаюся ім 33 гады. Мы збіралі і запісвалі па вёсках народныя песні, казкі, легенды. З часоў нашых першых экспедыцый у 1983 годзе ў маёй асабістай калекцыі і ў Акадэміі навук захоўваюцца шмат казак, запісаных яшчэ на магнітных стужках. Дзякуючы такім праектам беларускі фальклор становіцца больш даступным нашым дзецям".
"Галасамі" краязнаўчых казак таксама сталі Сяржук Доўгушаў — спявак, музыка (этна-гурт "VuRaj", сацыяльны праект "Спеўны сход"), Іван Падрэз — вядучы Агульнанацыянальнага тэлебачання, спявачка Паліна Рэспубліка, Руся — спявачка гурта "Shuma", Андрусь Такінданг — мастак, музыка гурта "Recha", Святлана Цімохіна — актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, а таксама акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы: Раман Падаляка, актрыса і тэлевядучая канала "СТВ" Юлія Шпілеўская, актрыса і лідар гурта "S○unduk" Ганна Хітрык.
Штотыдзень па аўторках на сайце kazka.aif.by становіцца даступнай новая казка з 10 агучаных. Ужо можна праслухаць або спампаваць аўдыёверсіі гісторый пра Браслаў, Лепель, Лагойск, Смаляны, а таксама мінскія рэкі Свіслач і Пярэспу.