МІНСК, 22 жні — Sputnik. 2-3 верасня на міжнародным шоўкейс-фестывалі What's Next In Music? у сталіцы Літвы выступяць беларускія гурты Teleport, Take The Cookies і Triangle, абраныя арганізатарамі ў межах конкурса.
Мерапрыемства будзе часткай штогадовага Loftas Fest, у межах якога на гэтай жа пляцоўцы выступяць Daughter (Вялікабрытанія), Gesaffelstein (Францыя), Lola Marsh (Ізраіль) і іншыя вядомыя артысты.
"Сёлета мы атрымалі каля 70 заявак ад музыкаў з Беларусі — гэта вельмі добры вынік. На Vilnius Music Week беларускія артысты заўжды былі сярод найбольш цікавых, і я ўпэўнены, што гэта працягнецца ў межах What's Next In Music?", — распавядае дырэктар Літоўскай асацыацыі музычнага бізнэса і адзін з арганізатараў фестывалю Вайдас Стацкявічус.
Для індзі-рок гурта Teleport, які спявае на беларускай і англійскай мовах, гэта ўжо трэці паспяховы адбор на шоўкейс-фестываль: увясну музыкі выступалі на Tallinn Music Week 2016, а ўлетку стала вядома, што іх з чатырма іншымі беларускімі артыстамі запрашаюць на Reeperbahn Festival 2016 у Германіі (адбудзецца ў канцы верасня). Поп-праект Take The Cookies выступаў на Moscow Music Week 2015. Для інструментальнага праекта Triangle гэта першае падарожжа на шоўкейс-фестывалі. Партнёрам What's Next In Music? у Беларусі з'яўляецца праект Experty.by.
Сярод запрошаных дэлегатаў таксама прадстаўнікі фестываляў The Great Escape (Вялікабрытанія) і MENT Ljubljana (Славенія), буйных еўрапейскіх музычных дыстрыб'ютараў Believe Digital і The Orchard. Яны будуць глядзець канцэрты і выступаць у межах двухдзённай прафесійнай канферэнцыі, на якую могуць патрапіць і беларусы.
What's Next In Music? з'яўляецца пераемнікам ужо вядомага беларусам Vilnius Music Week, дзе ў 2013-2015 гадах выступалі Akute, Clover Club, The Toobes, Super Besse, (((O))), Mustelide, Deech, Alexei De Bronhe. Менавіта на Vilnius Music Week гурт Super Besse атрымаў запрашэнне на буйны фестываль Europavox у Францыі, электроншчык (((О))) быў уганараваны кампліментамі ад першага мэнэджэра Pink Floyd Пітэра Джэнэра, а Alexei De Bronhe атрымаў кантакт, дзякуючы якому пасля выступіў на Seazone Music & Conference у Сопаце, Польшча.