МІНСК, 22 жні — Sputnik. Метадалогія статыстыкі працы і занятасці будзе зменена з 1 студзеня наступнага года, заявіла журналістам у панядзелак старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.
Дзень работнікаў дзяржаўнай статыстыкі адзначаць у Беларусі ў аўторак. Напярэдадні прафесійнага свята кіраўнік Белстата распавяла журналістам пра метады і новаўвядзенні.
Так, з яе слоў, з наступнага года айчынная статыстыка зменіцца карэнным чынам у пытаннях вызначэння статыстыкі працы і занятасці насельніцтва.
"Падыходы мяняюцца радыкальна, карэнным чынам", — заявіла Мядзведзева.
Пры гэтым, кіраўнік статыстычнага камітэта падкрэсліла: беларускія метады пры складанні афіцыйных статыстычных дадзеных адпавядаюць усім міжнародным стандартам.
Са слоў Мядзведзевай, галоўная мэта работы камітэта — "задавальненне патрэбы грамадства, дзяржавы і міжнароднай супольнасці ў афіцыйнай статыстычнай інфармацыі".
Нацыянальны статыстычны камітэт (Белстат) з'явіўся ў 2008 годзе пасля пераўтварэння Міністэрства статыстыкі і аналізу. Падпарадкоўваецца арганізацыя непасрэдна кіраўніку дзяржавы, ён жа і прызначае кіраўнікоў камітэта.