МІНСК, 23 жні — Sputnik. Паказ вяселля будзе арганізаваны ў межах фестывальнай прэзентацыі музычнага кампакт-дыска "Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968-1969 гадоў", матэрыял для якога быў запісаны амаль 50 год таму ў Міёрскім раёне Віцебскай вобласці, распавялі арганізатары мерапрыемства.
У абрадзе возьмуць удзел Сяргей Доўгушаў (гурт Vuraj), Юлія Літвінава, сябры Студенцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ) і гледачы.
"Натуральна, што маладыя мусяць мець сур'ёзныя намеры — дзеля жарту такія рэчы рабіць не трэба, мы будзем намагацца аднавіць атмасферу вясковага вяселля таго часу. Будзе нават стол з аўтэнтычнымі прысмакамі. Прагучаць і застольныя песні, і танцавальныя мелодыі: полькі, вальсы, кракавяк. Разам з тым навучым усіх танцаваць", — распавёў кіраўнік праекта Сяргей Доўгушаў.
Пачатак абраду запланаваы на 15.00 каля кафэ "Беларуская карчма", на тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам, дзе будзе адбывацца фэст. Працягласць абраду — каля 90 хвілін. Жадаючыя стаць жаніхом і нявестай павінны даслаць свае фота ў народных строях на адрас kamianica.viasielle@gmail.com не паздней за 1 верасня.
Хэдлайнерамі "Камяніцы-2016" будуць этна-трыа "Троіца" і Іна Жаланная (Расія). Таксама выступяць фолк-рокеры "Тарута" (Украіна), этна-трансавы калектыў "Оле-Лукойе" (Расія), рок-гурт Re1ikt (Беларусь), фолк-ансамбль "Ветах" (Беларусь), спявачка Паліна Рэспубліка (Беларусь) і іншыя музыкі.
Фестываль адбудзецца 10 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту; кошт квіткоў складае: 10 рублёў, студэнты — 7 рублёў, школьнікі — 5 рублёў. Для дашкольнікаў і гледачоў у поўных нацыянальных убраннях (ад абутку да галаўнога ўбора) уваход вольны.