МІНСК, 24 жні — Sputnik. Майстар-класы па прыгатаванні страў беларускай кухні арганізуюць у Дзень горада 3 верасня сталічныя кафэ і рэстараны. Выязны гандаль арганізуюць ля Палаца спорту, распавёў на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання ГУ "ГУПР Мінгарвыканкама" Аляксандр Фралоў.
"У мэтах папулярызацыі нацыянальнай кухні ў рэстаранах і кафэ будзе прадстаўлена старонка страў беларускай кухні, якія можна прыгатаваць на месцы. Таксама плануем правядзенне майстар-класаў па гатаванні страў беларускай кухні ў межах свята", — заявіў Фралоў.
Ён не ўдакладніў, якія менавіта стравы навучаць гатаваць беларусаў, але заўважыў, што майстар-класы пачнуцца ў сярэдзіне дня — у пік наведвальнасці святочных мерапрыемстваў.
Гандлёвыя павільёны ля Палаца спорту будуць працаваць 3 верасня з 10.00 да 23.00 і зоймуць агулам плошчу ў пяць тысяч квадратных метраў. Працягласць гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання на святочных мерапрыемствах каля Палаца спорту складзе 250 метраў, удакладніў Фралоў.
Гандлёвыя аб'екты будуць працаваць каля Палаца спорту і 4 верасня падчас правядзення Мінскага паўмарафону.
Акрамя таго, са слоў Фралова, да Дня горада сталічны гандаль ладзіць распродажы. У прыватнасці, за кошт зніжэння гандлёвай надбаўкі кошты ва ўнівермагах у Дзень горада будуць зніжаны да 30%. Да свята прымеркаваны і Адзіны дзень зніжак, які пройдзе ў сталіцы 27 і 28 жніўня.