МІНСК, 24 жні — Sputnik. Кіраўнік мемарыяльнага комплексу Рыгор Бысюк не згодны са СМІ ў тым, што Барыс Фаерштэйн, якога не стала ў аўторак, быў апошнім з жывых абаронцаў крэпасці.
Раней СМІ паведамілі пра тое, што апошні абаронца Брэсцкай крэпасці Барыс Фаерштэйн памёр у ізраільскім горадзе Ашдод на 96 годзе жыцця ў аўторак. У музеі "Брэсцкая крэпасць" падкрэслілі: за лёсам абаронцаў па ўсім свеце сочаць, але Фаерштэйн не быў апошнім з жывых.
"Ён абараняў пяты форт, а не саму цытадэль. Але і сярод абаронцаў крэпасці ёсць яшчэ жывыя людзі, на шчасце. Да прыкладу, Валянціна Кокарава нядаўна адсвяткавала 103-годдзе", — распавёў Sputnik Бысюк.
Дырэктар музейнага комплексу падзяліўся ўспамінам: калі Кокаравай спаўнялася 100 гадоў, яна даслала ў падарунак зборнік сваёй паэзіі. Зараз абаронца жыве ў Ленінградскай вобласці.
"Мы сочым за лёсамі і маем стасункі з усімі астатнімі абаронцамі. Віншуем іх з днямі нараджэння. Вось пасля навін аб смерці Фаерштэйна мы накіравалі тэлеграму са спачуваннямі. Таксама ў жніўні пайшоў з жыцця першы кіраўнік музея Аркадзь Крупеннікаў, адпраўлялі тыдзень таму спачуванні", — падзяліўся дырэктар "Брэсцкай крэпасці".
Фаерштэйн, які памёр у аўторак, быў вызвалены з нямецкага палону ў маі 1945 года, а затым ён прайшоў савецкія фільтрацыйныя лагеры. Пазней ён з'ехаў у Джанкой, шмат гадоў працаваў школьным настаўнікам. Затым Фаерштэйн эміграваў у Ізраіль, дзе жыў у горадзе Ашдод.