МІНСК, 25 жні — Sputnik. 1 верасня школы і гімназіі Брэста адкрыюць свае дзверы адукацыйным урокам "Чытаем па-беларуску з velcom", распавялі арганізатары мерапрыемства.
Галоўная задача сацыяльнага адукацыйнага праекта "Чытаем па-беларуску з velcom" — развіць цікавасць да беларускай мовы і культуры ў школьнікаў малодшых класаў і папулярызаваць чытанне на беларускай мове.
Нязменныя настаўнікі праекта — Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Алена Масла, Юры Жыгамонт — і спецыяльныя госці пазнаёмяць вучняў пачатковых класаў з дзіцячай беларускай літаратурай, распавядуць пра асаблівасці граматыкі і правядуць інтэрактыўныя гульні.
"Гандбольны флагман краіны — БГК імя Мяшкова — надае нямала ўвагі папулярызацыі беларускай мовы. У прыватнасці, шэраг нашых кампаній сацыяльнай рэкламы праводзіцца на беларускай мове. Вядома, мы з задавальненнем адгукнуліся на ініцыятыву "Чытаем па-беларуску з velcom", якакая прыцягвае дадатковую ўвагу да беларускай мовы і культурнай спадчыны. Упэўнены, што такія праекты здольны падняць цікавасць да вывучэння мовы сярод тых, хто раней не цікавіўся гэтым у пэўнай ступені", — адзначылі ў прэс-службе БГК імя Мяшкова.
Праект пачаўся ў Мінску ў кастрычніку 2015 года і прайшоў у 30 установах адукацыі, уключаючы 2 дадатковыя школы з асаблівасцямі развіцця. Арганізатары "Чытаем па-беларуску з velcom" увесь гэты час атрымлівалі мноства лiстоў з просьбамі правесці падобныя заняткі ў рэгіёнах страны. Таму ўвесну 2016 года праект выйшаў на рэспубліканскі ўзровень, і яшчэ 25 урокаў былі арганізаваны ў Гомельскай вобласці. За першы навучальны год у займальных занятках на беларускай мове прынялі ўдзел больш за 6 500 школьнікаў.
У верасні ў межах ініцыятывы дадатковыя заняткі беларускай мовы і літаратуры пройдуць у агульнай колькасці ў 25 школах Брэста, Кобрына, Бярозы, Баранавіч, Пінска і Лунінца. Арганізатар праекта — кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Акрамя пастаяннага складу настаўнікаў праекта ў якасці выкладчыкаў выступалі вядомыя асобы, неабыякавыя да роднай мовы: Алег Страхановіч — футбаліст ФК "Славія-Мазыр", Зміцер Ліхтаровіч — шматгадовы капітан БАТЭ, Алег Лепешанкоў — журналіст і тэлевядучы, Яўген Перлін — тэлевядучы Белтэлерадыёкампаніі, Аляксандр Куль — дырэктар па маркетынгу "Цмокі-Мінск", Андрусь Такінданг — музыкант і тэлевядучы, прадстаўнікі ХК "Металург-Жлобін".
Як чакаецца, у агульнай колькасці 150 школ і больш за 15 000 вучняў па ўсёй Беларусі прымуць удзел у сацыяльнай адукацыйнай ініцыятыве "Чытаем па-беларуску з velcom".