МІНСК, 25 жні — Sputnik. 10 верасня завершыцца пятая юбілейная выстава пад адкрытым небам "Мастак і горад". Цягам чатырох месяцаў мінчукі і госці сталіцы маглі пазнаёміцца з творчасцю Валянціна Губарава на плошчы Якуба Коласа ў цэнтры сталіцы.
Пятая экспазіцыя "Мастак і горад" сабрала 30 работ майстра, біяграфію і фота самога мастака. Для большай даступнасці выстава суправаджаецца тэкставым апісаннем на рускай, беларускай і англійскай мовах.
"Спачатку я скептычна паставіўся да ідэі выставы маіх карцін пад адкрытым небам. Але потым я адчуў гонар ад таго, што маімі папярэднікамі ў гэтым праекце былі такія выбітныя мастакі, як Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мікалай Селяшчук. "Мастак і горад" — гэта акцыя рэспубліканскага значэння, таму што яна прылучае мінчукоў і ўсіх гасцей сталіцы да культуры. А мая роля ў гэтым праекце хутчэй другарадная. Галоўнае, каб наведвальнікі адчулі натхненне і пазітыўную энергетыку, якая, я спадзяюся, зыходзіць ад маіх карцін", — пракаментаваў Губараў.
Валянцін Губараў — мастак, які надзелены яркай індывідуальнасцю і асаблівым бачаннем свету. Яго карціны часцяком апісваюць будні невялікіх правінцыйных гарадоў, але за карыкатурнымі рысамі іх жыхароў заўсёды хаваецца асаблівы сэнс.
Выставачны праект "Мастак і горад" рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Ініцыятарамі выставы выступаюць агенцтва сацыяльнага маркетынгу GrandBS і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў.