МІНСК, 28 жні — Sputnik. Унікальная выстава "Дотык Славакіі. Малюнак. Аб'ект. Каштоўнасць" адкрыецца ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" 5 верасня.
Медзь, бронза, дрэва, шпагат, крышталь, каштоўныя і напаўкаштоўныя камяні па асобнасці або ў камбінацыі адзін з адным ствараюць непаўторныя вобразы, працятыя індывідуальнасцю мастачкі. Зузана Граус Рудавска прадстаўляе творы ў розных рэальнасцях, пакідаючы матэрыял з уласцівай яму прыроднай гармоніяй і ў дзіўным спалучэнні розных формаў.
"Аўтар выставы — Зузана Граус Рудавска — яркі феномен культурнай прасторы Славакіі і ЗША. Кожны яе твор годны ўвагі і захаплення. Арт-аб'екты дзівяць любога, хто хоць на імгненне накіраваў свой позірк у іх бок. Неперасягненыя элементы дэкору, элегантныя і непаўторныя ўпрыгожванні або проста творы мастацтва, на якія хочацца глядзець і шукаць у іх усё новыя значэння і сэнсы, якімі дзеліцца з гледачом Зузана", — распавёў у інтэрв'ю карэспандэнту агенцтва "Минск-новости" дырэктар галерэі Павел Сапоцька.
Ён таксама адзначыў, што славацкая мастачка ніколі не аддае перавагу аднаму матэрыялу і адзінай тэхніцы выканання, што надае яе творчасці асаблівую глыбіню і шматграннасць.
Зузана Граус Рудавска нарадзілася ў 1962 годзе. Мастацкую адукацыю атрымала ў Школе прыкладнога мастацтва ў Браціславе і Інстытуце прыкладнога мастацтва ў Празе. У сярэдзіне 1980-х мастачка эмігравала ў ЗША, дзе стварыла цэлыя серыі унікальных мастацкіх твораў. У гэты перыяд пад аўтарствам Зузаны з'явіліся шматлікія арт-праекты ў ЗША, Еўропе, Японіі і Марока. Персанальныя выставы таленавітай мастачкі нязменна выклікалі аншлагі ў галерэях Італіі, ЗША, Славакіі.
Выстава "Дотык Славакіі. Малюнак. Аб'ект. Каштоўнасць" пройдзе з 5 па 26 верасня ў галерэі "Універсітэт культуры" ў Мінску па адрасе пл. Кастрычніцкая, 1 (Палац Рэспублікі).