МІНСК, 28 жні — Sputnik. Літва разглядае магчымасць падаць пазоў да Беларусі ў сувязі з тым, што Мінск эканоміць на будаўніцтве БелАЭС, заявіў у пятніцу міністр энергетыкі Рокас Масюліс.
"Я звярнуўся да юрыстаў з просьбай ацаніць, ці няма тут падставы для судовай справы супраць Беларусі — выключна камерцыйнай справы, справы аб дэмпінгу, пра тое, што будаўніцтва станцыі вядзецца ва ўмовах несумленнай эканоміі затрат", — заявіў Масюліс у інтэрв'ю радыёстанцыі LRT.
Міністр працытаваў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнка, які сказаў, што гэта будзе "найтаннейшая электрастанцыя ў свеце".
"Яны не будуюць саркафаг, мы мяркуем, што на ёй будуць устаноўлены расійскія сыстэмы бяспекі, не заходнія, што будзе значна танней. Гэта азначае, што адбываецца несумленная эканомія выдаткаў за кошт бяспекі", — сказаў Масюліс.
Ён сцвярджае, што літоўскае міністэрства энергетыкі мусіць высветліць, ці не парушае Мінск міжнародныя нормы, будуючы атамную станцыю.
"Мы збіраемся разгледзець прававыя акты і зразумець, ці не парушае Беларусь міжнародныя нормы адносна выдаткаў, канкурэнтаздольнасці, і, магчыма, ёсць іншыя элементы, у якіх мы яшчэ не разабраліся. Мы хочам паглядзець на будаўніцтва станцыі праз прызму права, чаго да гэтага часу не было зроблена", — падкрэсліў міністр энергетыкі Літвы.
Беларуская АЭС, якая будуецца пры ўдзеле Расіі побач з горадам Астравец (Гродзенская вобласць) у 50 км ад Вільні, будзе складацца з двух энергаблокаў ВВЭР-1200 сумарнай электрычнай магутнасцю да 2400 мегават. Для яе будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення "3 плюс" з палепшанымі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі, які адпавядае самым сучасным, так званым постфукусимским нормам бяспекі, патрабаванням прыродаахоўнага і санітарна-гігіенічнага заканадаўства. Увод у прамысловую эксплуатацыю першага блока Беларускай АЭС запланаваны на 2018 год, другога — на 2020 год.