МІНСК, 29 жні — Sputnik. Таполя на плошчы Перамогі ў Мінску павінна быць выдалена, паколькі з-за яе цэнтр сталіцы можа застацца без нармальнага водазабеспячэння, паведамілі Sputnik ва УП "Мінскводаканал".
Экалагічныя актывісты і гараджане забілі трывогу з-за лёса высокай таполі на плошчы Перамогі ў Мінску яшчэ на пачатку лета. Прычынай таму сталі планы сталічнага Водаканала па рамонце сістэмы каналізацыі — выратаваць дрэва пры гэтым немагчыма.
"Калі разабрацца з сітуацыяй, то ўсё зразумела: мы выбіраем альбо гэтую таполю, альбо ваду ў спажыўцоў у раёне", — запэўнілі Sputnik на прадпрыемстве.
Як растлумачылі Sputnik спецыялісты Мінскводаканала, дрэва за дзесяцігоддзі свайго жыцця паспела пусціць карані і ў калектарныя збудаванні, з-за чаго тыя знаходзяцца пад пагрозай разбурэння. Захаваць сістэму каналізацыі ў гэтым раёне без выдалення таполі — немагчыма.
"Намі была накіравана ўся неабходная інфармацыя ў Зелянбуд. Рашэнне аб выкараненні дрэва — у іх кампетэнцыі", — дадалі ў водаканале і ўдакладнілі, што пакуль не могуць назваць дакладныя тэрміны ліквідацыі таполі.
Вялізную таполю ў раёне плошчы Перамогі відаць за дамамі №34 і 36 па праспекце Незалежнасці. Гарадскія актывісты запэўніваюць: яна выдатна ўпісалася ў "круглую плошчу" і без яе Мінск шмат страціць.