"Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні": вясельныя спевы і вернісаж у "Пуні"

© Photo : са старонкі "Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні" у ФБКасцёл у в. Мілашова
Касцёл у в. Мілашова - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У вёсцы Мілашова адбудуцца чарговыя "Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні", якія ладзяцца з 2011 года пісьменніцай Аленай Масла на радзіме і стануцца юбілейнымі, бо адзначаць сёлета пяцігоддзе.

МІНСК, 30 жні — Sputnik. У межах праекта прэзентуецца музычны кампакт-дыск "Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968-1969 гадоў", матэрыял для якога быў запісаны амаль 50 год таму ў Міёрскім раёне Віцебскай вобласці, паведамляецца на сайце кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Маладыя, якія пабраліся шлюбам на тым вяселлі, былі з Мілашова — жаніх, Франак Адамовіч — жыхар Мілашова. Нявеста ж прыехала настаўнічаць у Мілашоўскую школу і тут сустрэла свайго суджэнца. Вяселле ладзілася спачатку ў маладой, у Лявомпалі, пасля ў маладога, у Мілашове.

Сёлетнія "Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні" адбудуцца ў касцёле Маці Божай Шкаплернай пасля імшы. Выступяць Сяржук Доўгушаў; музыка, выдавец дыска, спявачка Юлія Літвінава і полацкі гурт "Варган". Арганізуе і вядзе імпрэзу аўтар праекта "Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні" Алена Масла.

Пасля прэзентацыі дыска на сядзібе мілашоўца Стэфана Масла адбудзецца адкрыццё мастацкай галерэі "Пуня", дзе будзе зладжаны вернісаж прац мастачак Аксаны Аракчэеваі і Крысціны Баранавай (Пержуковай).

© Photo : старонка мерапрыемства ў ФБМаладыя. Вокладка дыска з запісам вясельных спеваў.
Маладыя - Sputnik Беларусь
Маладыя. Вокладка дыска з запісам вясельных спеваў.

Гасцямі прэзентацыі, сярод астатніх ахвотных, чакаюцца і ўдзельнікі вяселля, якое адбылося 50 год таму, і самой маладой — Яўгеніі Сяргееўны Шадурскай. Таксама да святкавання далучацца ўдзельнікі кінапраекта "Неруш", які акурат у гэты дзень будуць весці здымкі чарговай сцэны ў ваколіцах Мілашова і на якім мастаком — ураджэнка Мілашова Крысціна Баранава (Пержукова).

Пасля прэзентацыі ў Мiлашове музыкі накіруюцца ў Лявомпаль.

Праект "Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні" распачаты пісьменніцай Аленай Масла ў 2011 годзе, у 2012 стаў адным з пераможцаў конкурсаў праектаў, які ладзіць кампанія "Будзьма". Штогод у межах праекта ладзяцца імпрэзы з удзелам пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў у Мілашове (продкі і сваякі славутых Оскара і Чэслава Мілаша адбудавалі тут фальварак, захаваны па сёння), а таксама Мілашоўскіх ваколіцах: мясцінах, якія акрэслены межамі парафіі мілашоўскага касцёла. Ладзяцца "Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні" і ў Мінску — сёлета ў лістападзе адбудзецца "юбілейная" вечарына: праект адзначыць пяцігоддзе.

Адбудзецца мерапрыемства па адрасе в. Мілашова (Мёрскі раён Віцебскай вобл.) аб 11.00. Для тых, хто не жыве ў памежнай зоне, патрэбна даведка на ўезд, якую можна набыць у аддзяленнях "Беларусбанка". Кошт даведкі — 4 рублі. Уваход на мерапрыемства — вольны.

Стужка навiн
0