МІНСК, 31 жні — Sputnik. Міністэрства аховы здароўя абмежавала рэалізацыю ў школьных буфетах мучных вырабаў і прадуктаў з высокім утрыманнем тлушчу, заявіў на пасяджэнні калегіі ведамства яго кіраўнік Васіль Жарко.
Міністр назваў лекараў элітай нацыі, але дадаў: яны павінны больш клапаціцца пра прафілактыку і здаровы лад жыцця, у тым ліку ва ўстановах адукацыі.
"Асаблівая ўвага надаецца нагляду за якасцю і бяспекай харчавання дзяцей. Абмежавана рэалізацыя ў школьных буфетах мучных вырабаў, прадуктаў з высокім утрыманнем тлушчу. Укараняюцца новыя тэхналогіі прыгатавання ежы. Стварыўшы здароўезберагальны асяродак ва ўстановах адукацыі, удалося знізіць распаўсюджанасць парушэнняў паставы ў дзяцей да 17 гадоў", — піша газета "Медыцынскі веснік".
Згодна з агучанымі на калегіі дадзенымі, кіраўнікі арганізацый стымулююць жаданне супрацоўнікаў весці здаровы лад жыцця. Дзякуючы комплексу мер за здароўем стала сачыць больш людзей. Праца з пацыентамі на індывідуальным узроўні працягнецца, запэўнілі ўдзельнікі калегіі.
Таксама Жарко станоўча ацаніў вынікі ўступнай кампаніі і адзначыў, што ў медыцынскія ВНУ ідуць высокаматываваныя абітурыенты.