Міністэрства культуры: "Лістапад" будзе ў любым выпадку

Падпісацца
Дырэкцыя галоўнага беларускага кінафестывалю паведаміла, што не можа знайсці спонсараў для правядзення мерапрыемства.

МІНСК, 2 вер — Sputnik. Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" сёлета знаходзіцца на мяжы зрыву, аднак у Мінкульце запэўнілі Sputnik у тым, што трымаюць сітуацыю на кантролі.

Напярэдадні прадстаўнікі дырэкцыі кінафестывалю далі інтэрв'ю шэрагу беларускіх СМІ аб тым, што на правядзенне прэстыжнай ва Усходняй Еўропе падзеі не хапае каля 150 тысяч долараў — спонсары масава адмаўляюцца ад партнёрства.

Сышоў ад "Лiстапада" і яго галоўны фундатар — "Беларуськалій". "У міністэрстве рэгулярна адбываюцца нарады, усе пытанні мы трымаем на кантролі. Мы не дапусцім, каб "Лістапад" не адбыўся, гэта я заяўляю вам адназначна", — заявіла Sputnik кіраўнік аддзела кінематаграфіі Мінкульта Ірына Белякова.

Суразмоўца Sputnik адзначыла: ведамства разаслала лісты "па ўсёй краіне" да патэнцыйных спонсараў з заклікам паўдзельнічаць у падрыхтоўцы і правядзенні кінафестывалю.

Аднак Белякова адзначыла і іншы факт: яна не разумее пазіцыю дырэкцыі кінафестывалю.

"Асабіста я не разумею іх пазіцыі і чаму яны так сябе павялі. На нарадах пытанні агучваліся мякка, а цяпер з гэтага нешта раздулі. Навошта гэта зрабілі Крашэўская і Сукманаў (дырэктар кінафестывалю і яго праграмны дырэктар адпаведна — Sputnik), я не магу зразумець", — сказала на заканчэнне прадстаўнік ведамства. Правядзенне фэсту каштуе разоў у сем менш, чым выдаткі на арганізацыю іншага беларускага культурнага форуму — "Славянскага базару". Міжнародны кінафестываль на 40% аплачваецца Мінкультам і Мінгарвыканкамам, астатнія сродкі дырэкцыя атрымлівае ад спонсараў.

Дзякуючы "Лiстападу" рэспубліка была прынята ў Міжнародную федэрацыю асацыяцый кінапрадзюсераў.

Фестываль, які праходзіць ужо больш за 20 гадоў, з'яўляецца адной з асноўных кінапляцовак на постсавецкай прасторы. У розныя гады ў рамках форуму паказвалі лепшыя сусветныя фільмы, а на сам фестываль прыязджаюць сусветна паважаныя акцёры і рэжысёры.

Стужка навiн
0