МІНСК, 2 вер — Sputnik. Віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы лічыць рэальным павелічэнне ў 2017 годзе таваразвароту паміж рэспублікай і Грузіяй да 200 мільёнаў долараў і заяўляе, што краіны маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў вінаробнай і тытунёвай галінах.
Русы ўзяў удзел у адкрыцці Нацыянальнай выставы Беларусі ў Грузіі, якая праходзіць у выставачным комплексе Expo Georgia і завершыцца 4 верасня.
"Кіраўнікі дзяржаў паставілі задачу да канца 2017 года выйсці на таваразварот у 200 мільёнаў долараў. Гэта выканальна. За паўгода 2016 года мы ў два разы павялічылі таваразварот з Грузіяй", — заявіў Русы ў размове з грузінскімі журналістамі.
Яго словы прыводзіць прэс-служба ўрада. Русы расказаў, што ў час яго візіту ў Грузію адбыліся перамовы з прэм'ер-міністрам, віцэ-прэм'ерам, кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў Грузіі.
"Дадзены канкрэтныя даручэнні па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы спецыялістаў, па ўдзелу вінаробаў Грузіі ў разліве віна і каньячных спіртоў у Беларусі, па развіцці цыгарэтнага бізнесу", — дадаў беларускі віцэ-прэм'ер.
Ён удакладніў, што Беларусь закупляе ў Грузіі якасны тытунь і вядзе пастаўкі гатовай прадукцыі ў Грузію.
На думку Русага, эканамічныя інтарэсы Беларусі і Грузіі ўзаемадапаўняльныя. Віцэ-прэм'ер таксама распавёў, што пры падтрымцы грузінскіх уладаў у Тбілісі ў хуткім часе запрацуе шэраг гандлёвых дамоў Беларусі.
У прыватнасці, 31 жніўня адкрыўся гандлёвы дом ААТ "Пінскдрэў". На падыходзе адкрыццё пяці харчовых магазінаў. Паводле слоў беларускага віцэ-прэм'ера, краіны павінны выходзіць на стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Таксама Русы паабяцаў, што беларускі ўрад зробіць для грузінскіх партнёраў даступнай схему набыцця беларускай прадукцыі і тэхнікі ў лізінг.