МІНСК, 5 вер — Sputnik. Беларусь плануе пачаць вытворчасць трактароў беларуска-кітайскай зборкі на магутнасцях ЗАТ "Амкадор-Балтык" у Вільнюсе, паведамілі Sputnik у пасольстве рэспублікі ў Літве.
У пачатку верасня, паводле інфармацыі пасольства, адбыліся адпаведныя перамовы. У іх прынялі ўдзел кіраўнік кітайскай кампаніі Zoomlion Ванг Джынфу, гендырэктар Мінскага трактарнага завода Фёдар Дамаценка, кіраўнік савета дырэктараў ААТ "Амкадор" і адзін з яго асноўных акцыянераў беларускі бізнэсмэн і сенатар Аляксандр Шакуцін, пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль.
"Па выніках перамоў падпісаны пратакол аб намерах па супрацоўніцтве ў сферы машынабудавання. Мяркуецца, што беларускія трактары з выкарыстаннем кітайскіх камплектуючых будуць збірацца на магутнасцях "Амкадор-Балтык" у Вільні з перспектывай далейшых паставак на рынкі краін Еўрасаюза і ЕАЭС, а таксама праз Клайпедскі порт — у Кітай", — паведамілі ў пасольстве.
Для вытворчасці камплектуючых плануецца задзейнічаць патэнцыял беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку "Вялікі камень". У беларускай дыпмісіі таксама адзначылі, што бакі дамовіліся падрыхтаваць і падпісаць дамову аб стратэгічным супрацоўніцтве ў галіне маркетынгу і тэхнічных аспектаў рэалізацыі дадзенага праекта.