МІНСК, 6 вер — Sputnik. Банкнотная папера, нібыта выкарыстаная для друкавання новых беларускіх банкнот наміналам 20 рублёў, прадаецца праз электронны аўкцыён Ebay, паведамляецца на партале "Беларуская баністыка".
Дэнамінацыя ў Беларусі адбылася 1 ліпеня 2016 года, у абарачэнне былі ўведзены банкноты ўзору 2009 года і манеты. Як раней паведамляў Нацбанк, друк новых банкнот выканала брытанская кампанія De La Rue.
"Сапраўдную банкнотную паперу, выкарыстаную для новых беларускіх банкнот, можа купіць любы жадаючы. Выстаўлена на продаж неразрэзаная банкнотная папера, на якой друкаваліся банкноты наміналам 20 рублёў 2009 года. Лот уяўляе сабой толькі малую частку ліста банкнотнай паперы ў такім выглядзе, які яна мае перад пачаткам друку банкнот", — адзначаецца на сайце.
Частка ліста банкнотнай паперы ўтрымлівае ахоўную нітку, лакальны і краевугольны вадзяныя знакі. Кошт лота складае 495 долараў, папера знаходзіцца ў Германіі.
Баністы адзначаюць, што "ліст абрэзаны так, што з яго можна выразаць толькі адну цэлую банкноту, але калі ёсць такі ліст, то цi няма дзе-небудзь яшчэ цэлага ліста для банкнот наміналам, напрыклад, 500 рублёў".
"У тэорыі, наяўнасць сапраўднай банкнотнай паперы можа вельмі моцна спрасціць працу фальшываманетчыкаў. Але ўсё ж з вельмі вялікай верагоднасцю гэта адзіны асобнік банкнотнай паперы, якая трапіла ў рукі да калекцыянераў. Без сумневу, лот з'яўляецца вельмі рэдкім", — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Як сведчаць дадзеныя Ebay, лот да гэтага часу не прададзены, за ім назіраюць 14 патэнцыйных пакупнікоў.