МІНСК, 7 вер — Sputnik. Жонка Руслана Салея, беларускага хакеіста, які загінуў пяць гадоў таму ў авіякатастрофе, амерыканка Бэтэн Салей выхоўвае траіх дзяцей.
"Старэйшай было шэсць, калі яе бацька загінуў, яна памятае пра яго больш за іншых. Сыну было чатыры, ён не шмат памятае, але я распавядаю яму пра бацьку. Малодшай дачцы было ўсяго пяць месяцаў, яна амаль не ведае бацькі, але яна вельмі на яго падобная. Яна сапраўдны падарунак для нашай сям'і", — распавяла Бэтэн карэспандэнту Sputnik.
У ЗША яна занялася перакладам кнігі пра Руслана Салея на ангельскую мову. У амерыканскім выданні можна знайсці ўспаміны самой Бэтэн і яе дзяцей пра суджэнца і бацьку.
Пяць гадоў таму самалёт, у якім ляцелі гульцы хакейнай каманды "Лакаматыў" і сам Руслан Салей, разбіўся пры ўзлёце ў Яраслаўскім аэрапорце. Салей быў пахаваны 10 верасня ў Мінску на ганаровай алеі Маскоўскіх могілак.
Калі самалёт разбіўся, Бэтэн перадалі фотаапарат Руслана, знойдзены на борце. У ім яна знайшла здымкі, якія беражліва захоўвае. Адным з іх яна падзялілася з карыстальнікамі Facebook напярэдадні. Сёння Бэтэн абнавіла фатаздымак профілю ў сацсетках — на ёй шчаслівая жонка абдымае мужа напярэдадні Калядаў.