Фермерская гаспадарка "Дружба і К" у вёсцы Пліса Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ўраджай кавуноў ужо практычна сабрала. Для журналістаў пакінулі толькі некалькі шэрагаў салодкай ягады, каб можна было на свае вочы пераканацца: кавуны ў Беларусі растуць, паспяваюць выспець і стаць салодкімі.
"Вы можаце паглядзець, яны сапраўды тут растуць, мы не завезлі іх сюды з Мінска і не прыляпілі да бахчы", — падкрэсліў кіраўнік фермерскай гаспадаркі Уладзімір Крапіўка, калі прадстаўнікі прэсы, агледзеўшы градкі з памідорамі, салодкім перцам і баклажанамі, нарэшце апынуліся на ўчастку, дзе растуць бахчавыя культуры.
У прысутнасці журналістаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун сарваў адзін з кавуноў, разрэзаў яго і пачаставаў журналістаў.