МІНСК, 8 вер — Sputnik. Міністэрства гандлю з 8 верасня мяняе свае функцыі і найменне: з гэтага дня ўступіў у сілу ўказ прэзідэнта №188 ад 3 чэрвеня 2016 года "Аб органах антыманапольнага рэгулявання і гандлю".
У адпаведнасці з указам, у склад абноўленага міністэрства перададзеныя дэпартамент цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі, а таксама ўпраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.
"З 8 верасня на базе Мінгандлю пачынае функцыянаваць новае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю — МАРГ. У адпаведнасці з указам, назва і функцыі ведамства зменены, змянілася, адпаведна, і шыльда: зараз на ёй пазначана новая назва органа дзяржкіравання", — паведамілі Sputnik у былым Мінгандлю — цяпер МАРГ.
Там адзначылі, што акрамя выканання задач, якія стаялі перад Мінгандлем, створаны ў новай якасці антыманапольны орган закліканы рэгуляваць дзейнасць суб'ектаў натуральных манаполій, кошты (тарыфы), а таксама ажыццяўляць кантроль у гэтых сферах. "На новы антыманапольны орган ускладзены функцыі па супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі на таварных рынках рэспублікі, у тым ліку функцыі органа рэгулявання дзейнасці суб'ектаў натуральных манаполій, рэгуляванні коштаў і тарыфаў, кантролю і рэгуляванню спажывецкага рынку, у галіне дзяржзакупак, рэкламнай дзейнасці і абароны правоў спажыўцоў", — адзначылі ў МАРГ.
Там таксама паведамілі, што прыярытэтам работы абноўленага ведамства стане абарона ўнутранага рынку праз стварэнне роўных канкурэнтных умоў для ўсіх яго ўдзельнікаў, а таксама стварэнне "цывілізаваных і эфектыўных інструментаў кантролю коштаўтварэння".