МІНСК, 9 вер — Sputnik. Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі заклікала вернікаў узяць удзел у парламенцкай выбарчай кампаніі.
"11 верасня ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Каталіцкі Касцёл не раз звяртаў увагу на права і абавязак грамадзяніна ўдзельнічаць у свабодных выбарах на карысць агульнага дабра. Пра гэта гаворыцца таксама ў адным з дакументаў Другога Ватыканскага Сабору — пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et Spes", — гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце Рымска-Каталіцкай царквы ў Беларусі.
"Няхай усе грамадзяне памятаюць пра свае права і абавязкі ўдзельнічаць у свабодных выбарах на карысць агульнага дабрабыту. Царква прызнае годнай пахвалы і павагі працу тых, хто дзеля служэння людзям прысвячае свае сілы дабрабыту дзяржавы і бярэцца за гэты цяжкі абавязак", — прыводзіць сайт цытату з пастырскай канстытуцыі.
Як паведамілі Sputnik у РКЦ у Беларусі, каталіцкія святары, калі яны з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі, надзелены правам галасавання на выбарах. Кіраўнік РКЦ у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з'яўляецца грамадзянінам Беларусі.
У БПЦ таксама паведамілі, што беларускія праваслаўныя святары таксама надзелены выбарчым правам. Там удакладнілі, што кіраўнік БПЦ мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел не з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, у яго расійскае грамадзянства. Муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч паведаміў, што ён пойдзе галасаваць у асноўны дзень галасавання. Паводле яго слоў, беларускія мусульмане, як і ўсе грамадзяне краіны, надзелены выбарчым правам.