МІНСК, 11 вер — Sputnik. Выбары ў ніжнюю палату беларускага парламента пройдуць у нядзелю. У 110 акругах па мажарытарнай сістэме выберуць 110 дэпутатаў з 485 кандыдатаў, прычым упершыню для перамогі ў акрузе дастаткова адноснай большасці галасоў — гэта значыць выбары па ўсіх акругах пройдуць у адзін тур.
Каб выбары былі прызнаныя адбыўшыміся, неабходная 50%-ная яўка. Пры гэтым з аўторка ідзе датэрміновае галасаванне, за першыя яго чатыры дні прагаласавалі ўжо 24% беларускіх выбаршчыкаў.
Першапачаткова кандыдатамі былі зарэгістраваныя 525 чалавек, але 39 зняліся па ўласным жаданні, рэгістрацыя яшчэ аднаго была адменена праз яго нежаданне сысці ў адпачынак на перыяд выбараў, як гэтага патрабуе заканадаўства.
Характэрна, што 63,5% кандыдатаў — прадстаўнікі палітычных партый. Па дадзеных ЦВК, у спісы выбаршчыкаў уключаны каля 6,99 мільёна чалавек, у тым ліку 4,4 тысячы чалавек за мяжой. Беларускія ўлады рэалізавалі перад выбарамі шэраг рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), але бюро ўсё ж падвергла крытыцы шэраг момантаў перадвыбарчай кампаніі.
Заходнія краіны звязваюць з ацэнкай выбараў магчымасць паляпшэння сваіх стасункаў з афіцыйным Мінскам. На выбарах акрэдытаваны 825 замежных і міжнародных назіральнікаў, у тым ліку ад СНД, БДІПЧ АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, ПАСЕ, ШАС і іншых арганізацый, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і незалежныя назіральнікі.