На акцыі пратэсту ў Таліне 12 верасня фермеры заставілі плошчу ля будынку парламента Эстоніі дзесяццю тысячамі бутэлек з малаком. На кожную тару быў прылеплены надпіс з імем каровы і годам, калі жывёла была прададзена за мяжу або адпраўлена на бойню. Таксама аграрыі выкацілі на плошчу драўляную статую каровы.
Такім спосабам фермеры спрабавалі прыцягнуць увагу ўрада да крызысу ў шматлікіх сельскагаспадарчых галінах, які прывёў да скарачэння пагалоўя кароў у краіне, паведамляе Sputnik Эстонія.
"Цяпер ужо два гады доўжыцца крызіс, у Эстоніі стала на 10% менш кароў, і на адну трэць скарацілася колькасць свіней. Разам з тым мы страцілі вельмі шмат працоўных месцаў", — сказаў удзельнік акцыі пратэсту.
Еўракамісія выплаціла ў лютым мінулага года крызісную датацыю эстонскім фермерам у памеры 6,9 мільёна еўра. Еўрасаюз дазволіў ураду Эстоніі выплаціць такую ж суму са свайго бюджэту, аднак гэтых грошай фермеры пакуль не атрымалі.