Малады оперны бас бліскуча выступае на сцэне беларускага Вялікага

© Photo : Вольга СавіцкаяАляксандр Рославец спявае ў Вялікім
Аляксандр Рославец спявае ў Вялікім - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Аляксандр Рославец, беларус з Брэста, які скончыў у 2014 годзе Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю і паспяхова выступае сёння на лепшых сцэнах Санкт-Пецярбурга і Масквы, узяў удзел у двух спектаклях беларускага Вялікага.

Вольга Савіцкая, Sputnik.

Лаўрэат Гранд-Прэміі Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і ўладальнік спецыяльнай прэміі I Міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў у Мінску, Аляксандр Рославец выканаў партыі Грэміна ў оперы "Яўген Анегін" і Базіліо ў "Севільскім цырюльніку".

Яшчэ падчас вучобы ў кансерваторыі спявак стаў салістам Тэатра оперы і балета Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі і неаднаразова браў удзел у міжнародных фестывалях. Ён лаўрэат Гран-Пры агляду-конкурсу вакалістаў-выпускнікоў музычных ВНУ Расіі, дыпламант Х Міжнароднага конкурсу маладых оперных спевакоў Алены Абразцовай, лаўрэат першай прэміі сёмага Міжнароднага конкурсу оперных спевакоў "Санкт-Пецярбург" і лаўрэат другой прэміі шостага Міжнароднага конкурсу Галіны Вішнеўскай.

Спявак выступаў у суправаджэнні аркестраў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі, Аркестра Дзяржаўнага Эрмітажа, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам дырыжораў Сяргея Стадлера, Фабіа Мастранжело, Олівера Вёдраў.

Пра сваю музычную кар'еру спявак расказаў карэспандэнту Sputnik.

Пра любімыя оперныя партыі і музычныя прыярытэты

– У партыі Грэміна я дэбютаваў у тэатры Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі — некалі адным з першых тэатраў Расійскай імперыі пад назвай "Вялікі Каменны тэатр" у Санкт-Пецярбургу. У гэтым жа тэатры я выканаў і партыю Базіліо, якую спяваў затым у Санкт-Пецярбургскай філармоніі, а пазней у Мінску — у спектаклі "Севільскі цырульнік" беларускага Вялікага тэатра. У наступных тэатральных сезонах буду мець магчымасць выступіць у гэтых ролях у некалькіх тэатрах, ад якіх атрымаў прапановы аб супрацоўніцтве.

Мне вельмі падабаецца руская музыка — творы Глінкі, Чайкоўскага, Рымскага-Корсакава. Вельмі люблю і з задавальненнем выконваю нямецкіх рамантыкаў: Шуберта, Шумана, Вебера. Вядома ж, не магу не назваць аднаго з патрыярхаў — Джузэпэ Вердзі. Сярод яго твораў няма такой оперы, якую б не хацелася выканаць. Кожны вобраз у яго творах раскрыты глыбока і дакладна, усе партыі, нават не галоўныя, дзівяць сваёй сілай і веліччу.

Адным з маіх найлюбых жанраў з'яўляецца таксама кантатна-аратарыяльны — з задавальненнем выконваю творы Баха, Бетховена, Мендэльсона.

Калі казаць пра сучасную музыку — гэта, вядома ж, Свірыдаў і Шастаковіч.

Што тычыцца роляў, пра якія мару — гэта Барыс Гадуноў, Кароль Філіп. Вельмі падабаюцца "злачынныя" персанажы — Каспар з "Вольнага стралка" Вебера, Мефістофель.

Дарэчы, Мефістофеля ў оперы "Фаўст" Гуно я выканаў на фестывалі ў Санкт-Пецярбургу, а таксама "страхаваў" партыю Мефістофеля ў нядаўняй прэм'еры оперы Берліёза "Асуджэнне Фаўста" ў Вялікім тэатры.

Пра рэжысёраў і дырыжораў, якія натхняюць

– Першы рэжысёр і мой педагог, які мяне шмат чаму навучыў — гэта Аляксей Сцепанюк.

Нядаўна мне пашчасціла ўдзельнічаць у новым спектаклі Вялікага тэатра "Асуджэнне Фаўста" з першакласным складам выканаўцаў. Ажыццявілі пастаноўку вялікі рэжысёр Петэр Штайн і галоўны дырыжор Вялікага маэстра Туган Сахіеў.

Я стараўся не прапусціць ніводнай рэпетыцыі, нават тыя, у якіх не быў заняты. Дзякуючы гэтаму праекту зноўку адкрыў і палюбіў музыку Берлiёза. Выдатны і карысны досвед працы атрымаў падчас працы над спектаклем "Кацярына Ізмайлава" з Рымасам Тумінасам.

У Мінску было вельмі цікава працаваць з Міхаілам Панджавідзэ, калі рэжысёр уводзіў мяне ў яго спектакль "Севільскі Цырульнік". Я таксама глядзеў яго новую пастаноўку "Царскай Нявесты" і атрымаў велізарнае задавальненне. Спадзяюся, мне ўдасца яшчэ з ім папрацаваць і над іншымі спектаклямі.

Што тычыцца выканаўцаў, якія мяне натхнялі і натхняюць, творчасць якіх адыграла велізарную ролю ў маім станаўленні — гэта, вядома, Фёдар Шаляпін, Барыс Хрыстоф, Мікалай Гяураў.

Я ўдзячны лёсу, што паступіў у Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю да вялікага спевака і педагога, прафесара Мікалая Ахотнікава і адразу пасля заканчэння трапіў у маладзёжную праграму Вялікага тэатра Расіі.

Стужка навiн
0