ГОМЕЛЬ, 16 вер — Sputnik. Інтэрактыўны прыпынак з'явіўся ў Гомелі напярэдадні Дня горада ў месцы засяроджвання папулярных гарадскіх маршрутаў — ля фабрыкі "8 Сакавіка", перадае карэспандэнт Sputnik.
На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых уладаў, якія разрэзалі сімвалічную чырвоную стужку.
Распрацоўшчык праекта — беларуская кампанія "АйТиПромСтрой". Упершыню праект быў паказаны ў красавіку бягучага года на выставе "ТІБО-2016" у Мінску. Прэзентуючы яго, стваральнікі запэўнілі, што "разумны прыпынак" — гэта чыста беларускі прадукт.
"Корпус зроблены на "Белкамунмашы", маніторы — вытворчасці віцебскага прадпрыемства "Канструктарскае бюро "Дысплей". IT-начынне таксама айчыннае. Уключае ўбудаваны плацежны тэрмінал, "антывандальныя" інфармацыйныя табло, маніторы для рэкламы, відэакамеры, трывожную кнопку", — распавёў на прэзентацыі кіраўнік праекта Дзмітрый Пахомаў.
У верхнюю панэль прэзентацыйнага варыянту былі ўбудаваныя свяцільнікі, якія працуюць на сонечных батарэях. У такім выглядзе прыпынак экспанаваўся і на "Белкамунмашы", дзе два тыдні таму абмяркоўвалася тэма электрабусаў, якія выйдуць на беларускія маршруты ў канцы гэтага года.
У Гомелі прадстаўлены "палегчаны варыянт": са спецыфікацыі выкраслілі асвятленне, непатрэбную Гомелю зарадку для электрабусаў, узмацняльнік сігналу мабільных аператараў, санітарнай кабінай павільён таксама не аснасцілі. Абяцаная зона Wi-Fi пакуль у перспектыве.
"Дадзены прыпынак вырабляўся пад канкрэтнае тэхнічнае заданне гомельскіх уладаў", — пракаментавалі знікненне многіх карысных функцый у "АйТиПромСтрое".
"Усе гэтыя навароты мяне мала цікавяць. Галоўнае, каб інфармацыя аб прыбываючым транспарце пастаўлялася на экраны своечасова", — падзяліўся ўражаннямі гамяльчанін Дзмітрый Воранаў.