У нядзелю ў Расіі праходзілі выбары ў Дзяржаўную думу ФС РФ сёмага склікання. Упершыню з 2003 года парламенцкія выбары зноў праводзяцца па змяшанай сістэме: 225 дэпутатаў абіраюцца па партыйных спісах, яшчэ столькі ж — па аднамандатных акругах. Расіяне ў гэты дзень галасавалі па ўсім свеце, і нават не зважаючы на некаторыя праблемы на Украіне, дзе ўлады забаранілі правядзенне выбараў на тэрыторыі расійскіх дыпмісій, у краіне прагаласавалі 369 чалавек, а некаторыя грамадзяне РФ прыехалі з Украіны галасаваць у Беларусь.
У Беларусі расіяне маглі прагаласаваць на дзевяці ўчастках: сямі адкрытых — у Мінску, абласных цэнтрах і Бабруйску — і двух закрытых — у Клецку і на будаўніцтве АЭС у Астраўцы.
Пасол РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў, які зрабіў свой выбар у будынку расійскай дыпмісіі ў беларускай сталіцы, адзначыў, што галасуе за Расію, яе дабрабыт і рост палітычнага аўтарытэту ў свеце.
У Германіі, дзе зарэгістравана больш за 512 тысяч расіян, у дзень думскіх выбараў былі адкрыты 16 выбарчых участкаў, з іх два — у Берліне. Паводле інфармацыі расійскай дыпмісіі ў нямецкай сталіцы, выбары ў краіне прайшлі спакойна, аднак меры бяспекі на выбарчых участках былі ўзмоцнены.
У большасці краін свету, дзе пражываюць расіяне, зафіксавана высокая яўка выбаршчыкаў.