МІНСК, 19 вер — Sputnik. Беларускі плывец Ігар Бокій стаў рэкардсменам Паралімпіяды ў Рыа па колькасці ўзнагарод — на яго рахунку шэсць залатых і адна бронзавая ўзнагарода.
Беларускі Фэлпс
Паралімпіяда завяршылася ў Рыа напярэдадні. Па выніках агульнага медальнага заліку Беларусь апынулася на 19 месцы, нашы атлеты заваявалі дзесяць узнагарод. З іх сем медалёў атрымаў 22-гадовы плывец Ігар Бокій.
Рэкардсменам цяперашняй Паралімпіяды стала зборная Кітая, якая заваявала на Гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанейра 239 медалёў рознай вартасці, уключаючы 107 залатых.
Першым трыумфам для Бокія стала Паралімпіяда ў Лондане ў 2012 годзе — у 18 гадоў ён заваяваў адразу пяць залатых узнагарод, за што пазней яго называлі "беларускім Фэлпсам". Адразу па вяртанні са сталіцы Вялікабрытаніі Бокію прысвоілі званне ганаровага грамадзяніна Бабруйска, падарылі кватэру, а ля гарадскога басейна павесілі расцяжку з яго фотаздымкам.
Плаванне шэсць дзён на тыдзень
Са шматлікіх інтэрв'ю Бокія вядома, што плаваннем ён займаецца з самага дзяцінства. Спачатку бабруйчанін займаўся на роўных з усімі, але з-за праблем са зрокам яму давялося перайсці ў паралімпійскі спорт. Зрэшты, Ігара гэта не спыніла: ён плавае шэсць дзён на тыдзень і спадзяецца паспаборнічаць са здаровымі спартоўцамі.
Акрамя поспехаў на Паралімпіядах, Бокій з'яўляецца шматразовым чэмпіёнам свету і Еўропы, а таксама майстрам спорту Беларусі міжнароднага класа. Займаецца ён не толькі спортам: вучыцца на завочным аддзяленні ў Белдзяржуніверсітэце.
Лепшыя страты яшчэ наперадзе
Малады плывец ужо праводзіў у родным Бабруйску спаборніцтвы сярод юных спартсменаў на свае прызы. Займаецца плаваннем і малодшы брат Бокія, у якім трэнеры таксама бачаць перспектыву. Ігару таксама "свецяць" новыя вяршыні: звычайна плыўцы цалкам "раскрываюцца" толькі да 26 гадоў, то бок на наступных Паралімпійскіх гульнях дзякуючы аднаму яму Беларусь можа патрапіць у верхнія радкі медальнага заліку.
Сустракаць Бокія ўлады Бабруйска абяцалі гучна — яго без перабольшання ў родным горадзе называюць героем. Sputnik таксама далучаецца да віншаванняў Ігара Бокія з заслужаным поспехам!