МІНСК, 21 вер — Sputnik. Дзяржатамнагляд гатовы ў поўным аб'ёме правесці ацэнку бяспекі БелАЭС, паведамілі Sputnik у прэс-службе ведамства.
"Мы, безумоўна, настроеныя на тое, каб праводзіць у поўным аб'ёме ацэнку бяспекі. Стрэс-тэсты — гэта адна са сфер ацэнкі бяспекі пры экстрэмальных уздзеяннях, таму іх правядзенне вельмі важна, каб быць пэўнымі ва ўсіх аспектах бяспекі нашай станцыі", — заявіла начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугоўская па выніках размоў з прадстаўнікамі Еўракамісіі, якія наведваюць Беларусь у гэтыя дні.
Яна выказала падзяку экспертам ЕК за дэталёвыя тлумачэнні парадку правядзення стрэс-тэстаў у краінах Еўрасаюза. Па словах Лугоўскай, беларускі бок гатовы прымаць дапамогу Еўрасаюза. Дэлегацыя Еўракамісіі на чале з намеснікам генеральнага дырэктара па энергетыцы Томасам знаходзіцца ў Беларусі з двухдзённым візітам, у сераду эксперты ЕК плануюць пакінуць краіну.
Падчас візіту яны абмеркавалі з кіраўніцтвам беларускіх міністэрстваў і ведамстваў шырокае кола пытанняў узаемадзеяння ў кантэксце рэалізацыі першай беларускай ядзернай энергетычнай праграмы. Аднак асноўнай тэмай візіту было стрэс-тэставанне — ацэнка рызыкі і бяспекі АЭС.
Акрамя таго, быў запланаваны візіт экспертаў на пляцоўку будаўніцтва БелАЭС.
Паводле звестак МЗС Беларусі, стрэс-тэсты БелАЭС адбудуцца сёлета ў снежні.