МІНСК, 21 вер — Sputnik. Фестывальная праграма пачалася за тыдзень да самога свята, якое ў нядзелю, 18 верасня, разгарнулася на паўвостраве ў г. Міёры.
Традыцыйна напярэдадні фестываля ва ўстановах адукацыі ладзіцца экалагічны тыдзень, адбываецца паседжанне клуба маладой сям'і "Жураўлінай сцежкай". Спартоўцы — на стадыёне, а інтэлектуалы — падчас гульні "Што? Дзе? Калі?" змагаюцца за першынства.
І вось — доўгачаканая кульмінацыя свята!
На двары золка, на паўвостраве — яшчэ халадней, бо, атулены вадой, ён наскрозь прадзімаецца ветрам.
Але ці можа сіберны вецер напалохаць міярчан, якія шчыравалі адзін перад адным, каб кожны з прадстаўленых на конкурсе вясковых панадворкаў "Жураўліны кірмаш" проста агалмошваў гасцей яскравасцю фарбаў, разнастайнасцю прыгатаваных смакоццяў, асляпляльнай колькасцю ўсмешак.
У візіт-цэнтры абвешчаны "Дзень адчыненых дзвярэй", а з паўвострава кожныя паўгадзіны адпраўляецца аўтобус, які дастаўляе ахвотных паназіраць за журавамі.
Валанцёры і супрацоўнікі арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" — адмысловыя праваднікі ў таямнічы свет Ельні.
Дырэктар экалагічнага заказніка "Ельня" Іван Барок асабіста аб'язджае кропкі лакацыі назірання за журавамі: як сапраўдны гаспадар, клапоціцца пра тое, каб кожны з гасцей фестываля застаўся задаволены і пабачыў птушак, дзеля якіх і прыехалі людзі з-за свету.
На арт-пляцоўцы "Фарбы восені" вучаць ствараць вырабы з лямцу і плясці паясы.
Побач ідзе інтэрактыўная прэзентацыя аграэкасядзіб і фота- і відэавыставы "Подых Ельні", а на галоўнай сцэне міёрскія красуні змагаюцца за тытул "Журавінка Міёрскага краю".
Урэшце, кожная з удзельніц атрымлівае ад арганізатараў прыз — мікрахвалёўку. Кожнай дастаецца прыгожае званне — да прыкладу, "Зачараванне Міёрскага краю".
А вось "Журавінкай" абраная адзінаццацікласніца Міёрскай СШ №3 Ганна Кураш. Дарэчы, два гады таму гэты тытул быў заваяваны яе роднай сястрой Юляй, зараз студэнткай лінгвістычнага ўніверсітэта ў Мінску.
Міёрская ЦБС ладзіла выставу экалагічнай літаратуры.
Шоу-праграма "Міёрская журавінка" радвала гасцей фестываля спевамі і танцамі.
Журавінавы настрой панаваў паўсюль.
Хацелася, развітаваючыся, прамовіць: "Да спаткання, "Журавы і журавіны"! Налета абавязкова вернемся!"