Праект "Чытаем па-беларуску з velcom" наведаўся ў Баранавічы

© Photo : прадастаўлена ў velcomЮры Жыгамонт з удзельнікамі акцыі ў Баранавічах
Юры Жыгамонт з удзельнікамі акцыі ў Баранавічах - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Баранавічскія школьнікі ўзялі ўдзел у спецыяльных уроках беларускай мовы і літаратуры. Заняткі адбыліся ў рамках адукацыйнага праекта "Чытаем па-беларуску з velcom" – асветніцкай ініцыятывы, якая ахопіць 25 школ у кожнай вобласці краіны.

МІНСК, 21 вер — Sputnik. Урокі прайшлі 20 верасня ў гімназіях №1 і 4, а таксама сярэдніх школах №7 і 18 г. Баранавічы. Правеў заняткі вядомы беларускі акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт. Першыя ўрокі праекта ў новым навучальным годзе ўжо прайшлі ў Дзень ведаў у школах Брэста. Плануецца, што праект ахопіць у агульнай колькасці 150 школ па ўсёй Беларусі, і больш за 15 000 вучняў пачатковых класаў атрымаюць дадатковыя веды па беларускай мове, літаратуры і культуры.

Настаўнікі праекта — вядомыя беларускія пісьменнікі, акцёры і тэлевядучыя: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юрый Жыгамонт, Таццяна Сівец, Алена Масла, Наталля Бучынская. Падчас урокаў у абласных і раённых цэнтрах вучні змогуць не толькі пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, але і атрымаюць практычныя навыкі роднай мовы ў захапляльнай форме.

© Photo : прадастаўлена velcomПапулярны тэлевядучы Юрый Жыгамонт - адзін з настаўнікаў праекта
Папулярны тэлевядучы Юрый Жыгамонт - адзін з настаўнікаў праекта - Sputnik Беларусь
Папулярны тэлевядучы Юрый Жыгамонт - адзін з настаўнікаў праекта

"Я вельмі рады, што зноў магу сустракацца з маленькімі беларусамі! Гэтымі сустрэчамі я імкнуся данесці да дзяцей усю прыгажосць беларускай мовы, распавесці пра тое, як важна ведаць сваю гісторыю і памятаць свае карані. Таму вельмі знакава, што ў гэтым навучальным годзе праект пачаўся менавіта з Брэсцкай вобласці, дзе шмат месцаў з вялікай гісторыяй", — пракаментаваў вядомы беларускі акцёр, вядучы праграмы "Падарожжа дылетанта" Юрый Жыгамонт.

Галоўная задача сацыяльнага адукацыйнага праекта — развіць цікавасць да беларускай мовы і культуры ў школьнікаў малодшых класаў і папулярызаваць чытанне на беларускай мове. Праект пачаўся ў Мінску ў кастрычніку 2015 года і прайшоў у 30 установах адукацыі, уключаючы 2 дадатковыя школы з асаблівасцямі развіцця. Арганізатары "Чытаем па-беларуску з velcom" увесь гэты час атрымлівалі мноства лiстоў з просьбамі правесці падобныя заняткі ў рэгіёнах краіны. Таму ўвесну 2016 года праект, які падтрымлівае Міністэрства адукацыі РБ, выйшаў на рэспубліканскі ўзровень, і яшчэ 25 урокаў былі арганізаваны ў Гомельскай вобласці.

За першы навучальны год у займальных занятках на беларускай мове ўзялі ўдзел больш за 6 500 школьнікаў. У новым навучальным годзе першыя ўрокі сацыяльнай адукацыйнай ініцыятывы па папулярызацыі беларускай мовы прымае Брэсцкая вобласць.

Стужка навiн
0