МІНСК, 27 вер — Sputnik. Беларускія медыкі прадставілі сваё "Кіраўніцтва па анкалогіі" ў двух тамах, аналагаў якому ў сумежных краінах няма.
Аўтары падкрэсліваюць: кіраўніцтва носіць нацыянальны характар — гэта значыць, у ім разглядаюцца анкалагічныя захворванні і метады барацьбы з імі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
"Гісторыя пачынаецца ад Полацкага княства. У папярэдніх падобных выданнях быў досвед іншых краін, але не нашай", — адзначыў загадчык аддзела арганізацыі супрацьракавай барацьбы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Павел Майсееў.
Медык запэўніў: чытаць "Кіраўніцтва…" можа быць цікава не толькі прафесарам, але і студэнтам-медыкам. На думку намесніка дырэктара РНПЦ Сяргея Чырвонага, некаторыя раздзелы могуць быць карысныя і шараговым грамадзянам — асабліва тым, хто зацікаўлены ў пытаннях прафілактыкі і дыягностыкі рака.
Аўтары кіраўніцтва без сарамлівасці называюць яго "фундаментальнай працай": медыкі "без адрыву ад вытворчасці" рыхтавалі яго некалькі гадоў, а ўсяго над стварэннем "Кіраўніцтва…" працавалі больш за 70 спецыялістаў на чале з дырэктарам РНПЦ і новаабраным сенатарам Сяргея Суконка. Раздзелы "Кіраўніцтва…" прысвечаны пытанням гісторыі анкалогіі ў Беларусі, а таксама эпідэміялогіі, дыягностыкі, прафілактыкі, лячэння і іншым актуальным праблемам. Падобных выданняў, па словах аўтараў, у СНД няма.