Відэа

А вось той самы калодзеж: на радзіме Шымона Перэса

Падпісацца
Карэспандэнты Sputnik паспрабавалі знайсці аднавяскоўцаў Перэса, якія раслі разам з былым ізраільскім прэзідэнтам, але выпала толькі пастаяць каля калодзежа, з якога піў ваду Шымон Перэс, калі прыязджаў у Вішнева.

Былы прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс нарадзіўся ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна. Мясцовыя жыхары з паўслова разумеюць, навошта ў вёску прыязджаюць людзі з камерай ці турыстычныя аўтобусы. На пытанне "Дзе тут жыў ізраільскі прэзідэнт?" адказваюць адразу ж — гэта месца вядома кожнаму.

Зрэшты, дома самога Шымона Перэса не захавалася, толькі калодзеж на ўчастку, дзе ён стаяў. А на падмурку дома вядомага аднавяскоўца ўжо ўзвялі новы. На фасадзе — таблічка, якая распавядае заезджым турыстам, хто жыў у гэтым доме. А менавіта: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, ізраільскі палітык Шымон Перэс, чыя кар'ера доўжылася больш за семдзесят гадоў.

"Сюды часта турысты прыязджаюць, мы ім калодзеж паказваем", — расказваюць жыхары дома. Самага Перэса яны таксама бачылі — двойчы палітык прыязджаў у вёску, яшчэ аднойчы тут была яго дачка.

Дырэктар мясцовага Дома культуры распавёў, што і сам Шымон Перэс, і яго дачка ў дачыненнях выявіліся вельмі простымі людзьмі, з якімі мясцовым жыхарам было прыемна пагаварыць. Яны наведалі не толькі месца, дзе раней стаяў жом Шымона Перэса, але і помнік, усталяваны на месцы пахавання габрэяў, якія загінулі ў 1942 годзе.

"Дачка Перэса падзякавала нашай бібліятэцы за тое, што мы збіраем матэрыялы пра нашага знакамітага земляка. Усе матэрыялы, выразкі з газет, сабраны ў спецыяльныя тэчкі, усё можна разгледзець. Ва ўсёй вёсцы, напэўна, няма ні аднаго чалавека, які б не ведаў пра Шымона Перэса", — упэўненая бібліятэкар Алена Жвірко. Побач з бібліятэкай — цэлы музей, прысвечаны ізраільскаму прэзідэнту. Тут на сценах сабраны яго здымкі — і з Баракам Абамам, і ў родным Вішневе. Побач з партрэтам Перэса — здымкі іншых знакамітых землякоў-вішнеўцаў, напрыклад, паэткі Канстанцыі Буйло. А вось мясцовых жыхароў, якія б раслі ў Вішнева разам з Перэсам, засталося вельмі мала. "Маглі б з дзядулем з зялёнага дома пагаварыць, але ён цяпер у лякарні", — развялі рукамі суседзі — аднагодкі Перэса. Як і чым жыве радзіма Шымона Перэса, глядзіце на відэа Sputnik.

Стужка навiн
0