МІНСК, 28 вер — Sputnik. Жыхары Бабруйска больш за год чакаюць адкрыцця новага парку ў горадзе, аднак цяпер там знаходзіцца толькі пустка.
Бабруйскія ўлады ініцыявалі з'яўленне Парку моладзі паміж Палацам мастацтваў і гандлёвым цэнтрам "Карона" яшчэ на пачатку мінулага года: імі быў аб'яўлены конкурс на праект будучай зоны рэкрэацыі.
Адкрыць парк абяцалі ў 2015 годзе — у Год моладзі. Як пісалі тады мясцовыя газеты, у парку павінна быць зялёная зона з трыма алеямі, альтанкамі, лаўкамі, а таксама фантан і нават пункт доступу wi-fi. Пасля пракладкі камунікацый улетку мінулага года ўлады павінны былі пачаць высаджваць дрэвы і кусты.
У верасні 2016 года на месцы Парку моладзі — пустка. Sputnik патэлефанаваў у Бабруйскі гарвыканкам, каб даведацца, калі ў райцэнтры ўсё ж адкрыюць новую зялёную зону.
"Парк адкрыецца 29 чэрвеня 2017 года", — паведамілі ў выканкаме і дадалі, што больш ні пра што праз тэлефон казаць не хочуць.
Парк моладзі будзе адкрыты ў гадавіну вызвалення Бабруйска ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны. Конкурс на яго праект праводзіла гарадская пярвічка БРСМ, аднак яе прадстаўнікі адмовіліся каментаваць Sputnik сітуацыю з зонай адпачынку і тое, чаму адкрыццё перанеслі з 2015 на 2017 год.
Па стане на верасень 2016 года ніякіх работ на пляцоўцы будучага парка не праводзіцца. Улічваючы блізкасць буйнога жылога мікрараёна і гандлёвага цэнтра, гэта месца досыць папулярнае сярод мясцовых жыхароў. Аднак, як кажуць бабруйчане, яно зусім не добраўпарадкавана.