МІНСК, 30 вер — Sputnik. У суботу і нядзелю восень парадуе беларусаў цяплом. Умовы надвор'я ў выходныя будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплая паветраная маса, якія паступаюць з паўднёвага захаду Еўропы.
У выходныя атрымліваем асалоду ад бабінага лета
"У суботу, 1 кастрычніка, уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі кароткачасовыя дажджы", — паведаміў Sputnik начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Не зважаючы на дождж, у суботу будзе цёпла — уначы +9..+15°С, днём +16..+22°С, па поўдні +23..+25°С. Не абыдзецца без дажджоў і ў нядзелю. Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца туман. Тэмпература паветра ўначы +8..+14°С, днём +16..+23°С, па поўдні да +25°С.
Дажджліва будзе і ў панядзелак, 3 кастрычніка. На большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, раніцай і днём па захадзе месцамі моцныя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах туман. Тэмпература паветра ноччу +10..+15°С, днём +15..+22°С.
У аўторак дастаем парасоны і цёплае адзенне
З аўторка чакаецца істотнае пахаладанне. На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах — моцныя. Днём месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +6..+12°С, максімальная днём +8..+14°С, па ўсходзе месцамі да +16°С.
У сераду і чацвер па рэспубліцы будуць ісці кароткачасовыя дажджы, а дзённая тэмпература не паднімецца вышэй +13°С.
Як бы ні ўсміхалася нам бабіна лета цяплом на развітанне, а ўсё ж час рыхтаваць цёплую вопратку — цяпла сіноптыкі ў найбліжэйшы час ужо не абяцаюць.