Класічнага бабінага лета ў Беларусі сёлета не будзе, паведаміў радыё Sputnik Беларусь начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
"Многія думаюць, што бабіна лета было ў верасні — але не, цёплы верасень быў працягам жніўня. Бабіна лета яшчэ будзе ў кастрычніку, але яно будзе "паўночнае", з даволі прахалодным надвор'ем", — растлумачыў Рабаў.
Паводле яго слоў, кастрычнік сёлета будзе на паўградуса вышэй за кліматычную норму. У сярэднім чакаецца ад 11 да 16 дзён з ападкамі. Другі восеньскі месяц будзе багаты на туманы, а ў канцы кастрычніка ўжо чакаецца першы галалёд.
Больш падрабязны прагноз сіноптыкаў на кастрычнік і бліжэйшыя выхадныя слухайце ў аўдыёзапісы.