Літоўцы збіраюць грошы на помнік аўчарцы, застрэленай на службе

© Photo : pasienis.ltРамзіс - службовы сабака літоўскіх памежнікаў
Рамзіс - службовы сабака літоўскіх памежнікаў - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Трохгадовы Рамзіс быў лепшым сабакам на памежнай службе Літвы; яго застрэліў паляўнічы пры выкананні абавязку – аўчарка ішла па следзе парушальнікаў.

МІНСК, 3 кас — Sputnik. Даведаўшыся пра трагічную гісторыю бельгійскай аўчаркі, літоўцы ў рэкордна кароткія тэрміны сабралі каля трох тысяч еўра. Зараз абмяркоўваецца прапанова ўсталяваць помнік Рамзісу або памятную шыльду ў яго гонар у Міцкунайскім кіналагічным цэнтры, размешчаным у Віленскім раёне. Службовы сабака па мянушцы Рамзіс, які пераследваў кантрабандыстаў, быў застрэлены паляўнічым 27 верасня.

Пагоня за кантрабандыстамі

У канцы верасня супрацоўнікі службы аховы дзяржаўнай мяжы (СОГГ), патрулюючы мясцовасць, знайшлі ў лесе недалёка ад вёскі Шэрэйтлаукіс сем скрынак у поліэтылене — у іх знаходзілася 3,5 тысячы пачкаў цыгарэт Fest. Таксама былі заўважаныя падазроныя сляды — яны маглі сведчыць пра нелегальнае перасячэнне літоўска-расійскай мяжы, што праходзіць па Нёмане.

На гэтым месцы памежнікі вырашылі зладзіць засаду. Днём за кантрабандай прыехалі людзі на двух легкавых аўтамабілях. Калі адзін з прыбылых, 31-гадовы жыхар Пагегяя, пайшоў за грузам, супрацоўнікі СОГГ затрымалі яго. Трое іншых мужчын кінуліся ў лес.

Да іх пошуку быў прыцягнуты кінолаг з трохгадовай бельгійскай аўчаркай па мянушцы Рамзіс. Службовы сабака ўзяў след і вёў па ім памежнікаў каля трох кіламетраў. Тут след абрываўся — падобная сітуацыя часта здараецца падчас пераследу, і тады сабаку даюць каманду рухацца па перыметры, каб ён зноў выявіў парушальнікаў. Так зрабілі і на гэты раз — сабака зноў ўзяў след. Было светла, Рамзіс ў спецыяльнай святлоадбівальнай камізэльцы бег па дарозе праз лес, як раптам пачуўся стрэл. Сабака ўпаў і ад атрыманых раненняў памёр.

Крыху пазней высветлілася, што ў Рамзіса страляў мясцовы паляўнічы — 56-гадовы жыхар Шылутэ Арвідас Комскіс. Гэты адзіны стрэл мог прывесці да яшчэ больш трагічных наступстваў. Бо калі кінолаг пачуў стрэл і ўбачыў, як падае сабака, ён вырашыў, што сабаку падстрэлілі кантрабандысты.

Памежнік ужо дастаў службовую зброю і быў гатовы да экстрэмальнай сітуацыі. Аднак, убачыўшы ўдалечыні паляўнічага, ён правільна ацаніў абстаноўку і не стаў страляць у адказ.

Лепшы сабака на мяжы з Расіяй

Рамзіс быў адным з самых лепшых службовых сабак, якія ахоўваюць мяжу. Гэтая бельгійская аўчарка была выдатна падрыхтавана і ў 2015 годзе ўдастоілася вышэйшай катэгорыі, якая прысвойваецца сабакам пагранслужбы. Сёлета ў спаборніцтвах кінолагаў Пагегяйскага падраздзялення са службовымі сабакамі Рамзіс заняў другое месца. За гэта яму было даверана прадстаўляць падраздзяленне на чэмпіянаце майстэрства службовых сабак усёй СОГГ. Пры гэтым Рамзіс дэманстраваў выдатныя вынікі не толькі на спаборніцтвах, але і ў штодзённай службе.

Спалох паляўнічага ў цемры

Арвідас Комскіс, які застрэліў Рамзіса, быў затрыманы і пазней быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Яму былі прад'яўленыя абвінавачванні ў знішчэнні чужой маёмасці, за што прадугледжаны штраф, а таксама пазбаўленне волі тэрмінам да пяці гадоў.

Падазраваны з'яўляецца братам намесніка старшыні Сейма, сябра Партыі працы Кястаса Комскіса і мэра горада Пагегяй Віргініюс Комскіса. Мэр Комскіс запэўнівае, што яго брат ніякім чынам не звязаны з кантрабандыстамі, а ў той дзень удзельнічаў у афіцыйным паляванні.

"Гэта было паляванне. Там быў не адзін чалавек, паляванне праходзіла за межамі памежнай зоны — як запэўніваў брат, там нічога і ўзгадняць не трэба. Так здарылася, што на той тэрыторыі якраз адбываўся пераслед кантрабандыстаў", — сказаў мэр Пагегяя. Да 2008 года літоўскія паляўнічыя абавязаны былі паведамляць пра паляванне ў памежнай зоне, але ў цяперашні час такога патрабавання няма. Разам з тым існуе добраахвотнае пагадненне паміж паляўнічымі і памежнікамі абвестак пра запланаваныя паляванні на мяжы з Расіяй, дзе супрацоўнікі СОГГ пастаянна ладзяць засады і затрымліваюць кантрабандыстаў.

Памежнікаў можна зразумець: яны ўсё роўна баяцца, каб паляўнічыя не пацярпелі падчас рэйдаў або каб не ўзніклі іншыя інцыдэнты. У дадзеным выпадку паляўнічыя, у ліку якіх быў Арвідас Комскіс, не паведамілі пра сваё паляванне. Аднак іншыя асобы, якія ў той жа самы час удзельнічалі ў іншым паляванні, праінфармавалі пра гэта СОГГ.

Кястас Комскіс сцвярджае, што ў тым месцы, дзе адбыўся інцыдэнт, яго брат палюе ўжо 25 гадоў, а стрэліў Арвідас, паколькі "ў цемры спалохаўся напаўшага на яго сабакі".

Вазміце нашага сабаку!

Гісторыя Рамзіса выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Літоўцы нават прапаноўвалі памежнікам сваіх гадаванцаў наўзамен загінулага Рамзіса. Кранутыя такой увагай памежнікі параілі ім не рабіць гэтага, паколькі СОГГ адбірае сабак для аховы дзяржаўных межаў Літвы па вельмі строгіх крытэрыях. У тым ліку ацэньваюцца фізічны і псіхалагічны стан жывёлы, улічваюцца яго камунікабельнасць, устойлівасць да стрэсу і страху, многія іншыя фактары.

Шмат было і тых людзей, якія, даведаўшыся пра гібель аўчаркі, захацелі ахвяраваць грошы — у рэкордна кароткія тэрміны было сабрана каля трох тысяч еўра.

Згодна парадзе СОГГ, грашовыя сродкі пераводзяцца на рахунак пагранічнага кіналагічнага клуба "Лапа сябра" ("Draugo letena"). Клуб даглядае былых службовых сабак, аказвае дапамогу ў іх лячэнні і дрэсіроўцы.

Памежнікі вырашылі крэмаваць Рамзіса, а ўрну з яго парэшткамі адправіць у памежны музей Пагегяя. Там у памяць пра Рамзіса будзе зроблены стэнд з гісторыяй пра яго жыццё і службу. Акрамя таго, цяпер абмяркоўваецца прапанова ўсталяваць помнік Рамзісу або памятную шыльду ў яго гонар у Міцкунайскім кіналагічным цэнтры, размешчаным у Віленскім раёне.

Стужка навiн
0