МІНСК, 3 кас — Sputnik. Два беларускіх камерцыйных банкі з 3 кастрычніка ўвялі забарону на ажыццяўленне аперацый па зняцці наяўных з выкарыстаннем плацежных карт сістэм Visa і Mastercard у банкаматах, размешчаных на тэрыторыі краін з павышанай рызыкай махлярства.
Такія рашэнні прынялі Прыорбанк і Банк "Рашэнне" (раней Трастбанк), паведамляецца на сайтах банкаўскіх арганізацый.
У прыватнасці, Прыорбанк забараніў здымаць наяўныя грошы ў банкаматах ЗША, Кітая, Індыі, Тайланда і іншых краін. Банк "Рашэнне" ўвёў абмежаванні на зняцце наяўных са счытваннем магнітнай паласы ў банкаматах Кітая, Індыі, Японіі, Непала, Тайланда і ЗША.
У банках тлумачаць, што такое рашэнне "прынята для скарачэння рызык, звязаных з махлярствам, і забеспячэння захаванасці грашовых сродкаў кліентаў".
Пры гэтым забарона не тычыцца ажыццяўлення безнаяўных аперацый у прадпрыемствах гандлю і сэрвісу, а таксама на інтэрнэт-рэсурсах, зарэгістраваных на тэрыторыі пералічаных краін.
У банках адзначаюць, што забарона можа быць знята трымальнікам карткі на тэрмін знаходжання ў адной з пералічаных краін (але не больш чым на 30 каляндарных дзён). Для гэтага неабходна загадзя звярнуцца ў любое аддзяленне банка або ў кантакт-цэнтр.