У сталічных кватэрах пакуль няма ацяплення — жыхары замярзаюць. Чаго не скажаш пра насельнікаў мінскага заапарка. Плюс дзесяць-пятнаццаць градусаў для афрыканскіх і паўднёваамерыканскіх дзікіх катоў не праблема, яны звыкла ляжаць у вальерах — хто не саромеецца, пазіруе перад публікай.
"У жывёл з'яўляецца падшэрстак, ім цёпла. Узімку львы і леапарды нават любяць валяцца ў снезе. Мы ўцяпляем вальеры, усталёўваем абагравальныя паветраныя гарматы. Заатэхнікi сочаць за тым, каб жывёлам было камфортна", — расказала метадыст Мінскага заапарка Наталля Мыслейка.
Шматлікіх жывёл, якіх наведвальнікі бачаць у заапарку летам, можна назіраць і ўзімку. У цёплых памяшканнях закрываюць на зіму толькі папугаяў, фламінга, пеліканаў. Мядзведзя ўводзяць у спячку. Цяпер яго адкормліваюць, а бліжэй да маразоў паменшаць порцыі, імітуючы натуральнае асяроддзе пасялення, — і мядзведзь зразумее, што пара рыхтавацца да сну.
"У мядзведзя Трыстана чулы сон. Да таго ж ён увесь час правёў у заапарку і ведае, што галодным ніколі не застанецца. Ён можа прачнуцца зімой, тады супрацоўнікі заапарка будуць яго карміць", — паведаміла пра звычкі мядзведзя Мыслейка.
З прыходам халодных месяцаў змяняецца і рацыён звяроў. Летам, да прыкладу, мядзведзя маглі частаваць марозівам (яго па спецыяльным рэцэпце рыхтуюць супрацоўнікі заапарка), зімой касалапы пераходзіць на кашы. Малпачкі ў разумных колькасцях могуць паласавацца ёгуртам. Харчаванне звяроў у сталічным заапарку вядзецца па распрацоўках маскоўскага заапарка: мясцовыя навукоўцы-дыетолагі падабралі аптымальны рацыён для жывёл, каб звяры не гублялі энергію, але і каб не раз'ядаліся занадта.