МІНСК, 5 кас — Sputnik. Адразу два маштабныя сельскагаспадарчыя кірмашы пройдуць у суботу і нядзелю ў Мінску, паведамілі ў Галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.
На пляцоўцы ля спартыўнага комплексу "Чыжоўка-Арэна" сваю прадукцыю прадставяць прадпрыемствы Гродзенскай вобласці, у тым ліку Лідскі, Ваўкавыскі і Слонімскі мясакамбінаты, Шчучынскі масласырзавод, Гродзенская агароднінная фабрыка. На кірмаш збіраюцца і гродзенскія фермеры. Свае стэнды рыхтуюць таксама мясцовыя птушкафабрыкі і рыбгасы.
Традыцыйна агульнагарадскі кірмаш выхаднога дня пройдзе таксама ля Палаца спорту. Тут можна будзе набыць прадукцыю перш за ўсё прадпрыемстваў Мінскай вобласці. На кірмашах у шырокім асартыменце абяцаюць прадукцыю новага ўраджаю: бульбу, капусту, буракі, моркву, цыбулю, яблыкі, грушы, гарбузы, кабачкі, журавіны. Акрамя таго, госці кірмашоў змогуць прыцаніцца да мёду, мяса і паўфабрыкатаў, каўбасы, вяндліны, сыроў ды іншых прадуктаў.
Ветэранам і людзям з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжана бясплатная дастаўка пакупак дадому.
Апроч таго, у суботу кірмашы пройдуць і ў кожным раёне горада:
- у Заводскім раёне па вуліцы Герасіменкі, 51;
- у Ленінскім раёне каля кінатэатра "Салют" па праспекце Ракасоўскага, 150а;
- у Маскоўскім раёне па вуліцы Чачота, 25;
- у Кастрычніцкім раёне каля ДК Чыгуначнікаў па вуліцы Чкалава, 7 і па вуліцы Барамзіной, 10а;
- у Партызанскім раёне па вуліцы Карвата, 4;
- у Першамайскім раёне па вуліцы Русіянава, 1;
- у Савецкім раёне ў парку Дружбы народаў;
- у Фрунзенскім раёне ў ГЦ "Максімус" па вуліцы Лабанка, 94;
- у Цэнтральным раёне каля кінатэатра "Кіеў" па вуліцы Кахоўскай, 31.
І агульнагарадскія, і раённыя кірмашы будуць працаваць з 9 да 16 гадзін.